"Белкамунмаш" валодае сваім украінскім дылерам толькі на чвэрць

На "аглядзе" беларускіх тралейбусаў у Жытоміры
На "аглядзе" беларускіх тралейбусаў у Жытоміры

Многія ўкраінскія гарады ў апошнія некалькі гадоў вырашылі закупіцца беларускімі аўтобусамі і тралейбусамі. Грошы пад гэта часта вылучалі еўрапейскія банкі — у тым ліку для паставак у Івана-Франкоўск, Адэсу і Львоў.

У цэлым жа каля 70% усяго экспарту "Белкамунмаша" — вялікага мінскага завода, дзе вырабляецца грамадскі транспарт, — прыпадае на Украіну. Праўда, прадаюць тэхніку чамусьці праз "пракладку", якую кантралюе былы дэпутат Вярхоўнай Рады.

Слабая доля

У "Белкамунмаша" два афіцыйныя дылеры ва Украіне. І ўжо тут з'яўляюцца пытаннечкі. У прадстаўніцтва ААТ "ККХ "БКМ" ва Украіне і ТАА "БКМ-Украіна" не толькі падобныя назвы, але і офісы побач. У адным будынку: г. Луцк, вул. Ковельская, д. 2.

"Белкоммунмаш" владеет своим украинским дилером лишь на четверть
Абодва дылеры тэхнікі "Белкамунмаша" размясціліся ў гэтым будынку

Прадстаўніцтва, як і належыць яму па статусе, выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. А пастаўкамі беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў займаецца ТАА "БКМ-Украіна". Фірма створаная ў траўні 2017 года ў Луцку і... "Белкамунмаша" першапачаткова сярод яе стваральнікаў не было!

Першымі заснавальнікамі значыліся нехта Руслан Спірын і кампанія "ІНТЕР БУД ВЕСТ". Яны беспасярэдне звязаныя з былым дэпутатам Вярхоўнай Рады Сяргеем Мартыняком — ён канчатковы бенефіцыяр абедзвюх фірмаў.

 

Досвед у "адну адзінку тэхнікі"

Усяго праз некалькі месяцаў пасля стварэння "БКМ-Украіна" змагла выйграць у буйных тэндарах на пастаўкі трамваяў, аўтобусаў і тралейбусаў — і выручыць дзясяткі мільёнаў долараў. Адной з умоў для ўдзелу ў тэндарах быў досвед паставак. Але з гэтым фірма справілася элегантна.

Украінскія СМІ заўважылі, што БКМ выйграла тэндар на пастаўку адной адзінкі тэхнікі ад адэскай мэрыі. Пры гэтым у тэндары прайграла кампанія, якая сама ёсць вытворцам трамваяў, і нейкая "Агратэхніка"... якая таксама звязана з Мартыняком і яго групай кампаній "Пан Курчак". Спойлер: у многіх іншых тэндарах у будучыні БКМ таксама змагалася з "Агратэхнікай" — і заўсёды паспяхова.

 

Беларусам — чвэрць

Такім чынам, на пачатковым этапе "Белкамунмаш" ніяк не ўдзельнічаў у "БКМ-Украіна". Сёння, мяркуючы па афіцыйных звестках, беларускае прадпрыемства ўсё ж валодае доляй у сваім дылеры — 24,99%. Астатняе — у кампаніі "РИСТ-Н", якой валодаюць Мартыняк і яго жонка.

"Белкоммунмаш" владеет своим украинским дилером лишь на четверть

Фактычна "БКМ-Украіна" збірае беларускую тэхніку з камплектуючых, якія паступаюць ва Украіну. Гэта выгадна: украінскія пакупнікі беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў падкрэсліваюць, што ў іх ёсць украінскі складнік. Так прасцей адказваць на пытанні, чаму яны аддалі перавагу беларускаму, а не свайму, украінскаму вытворцу — бо транспарт ад "БКМ-Украіна" таксама трошкі свой.
 

А тралейбусы сапраўды беларускія?

Пік правядзення тэндараў на закупку транспарту прыйшоўся на 2017 год. Перамагала ў іх, вядома, не толькі "БКМ-Украіна". Але выглядае на тое, што кавалак рынку, які тады ўдалося адкусіць, стаўся дылеру "Белкамунмаша" крыху не па зубах. Напрыклад, у Жытоміры скардзяцца, што "БКМ-Украіна" затрымлівае пастаўкі тралейбусаў — і ўжо не атрымліваецца апраўдвацца нават складанасцямі, выкліканымі пандэміяй.

У 2018 годзе пытанні ва ўкраінцаў раптам паўсталі не да таго, наколькі ўкраінскія беларускія тралейбусы, а да таго, наколькі яны беларускія. Кіраўнік парламенцкага камітэта Вярхоўнай Рады па пытаннях прамысловай палітыкі і прадпрымальніцтва Віктар Галасюк заявіў, што ў "БКМ-Украіна" няма сертыфіката аб паходжанні больш як 50% камплектуючых менавіта з Беларусі. Гэты дакумент неабходны, каб атрымліваць ва Украіне мытныя прэферэнцыі.

Зрэшты, ходу ініцыятыве Галасюка не далі. Урад Украіны сур'ёзных мер не прыняў. Але да тэндараў з удзелам "Белкамунмаша" пачалі больш уважліва прыглядацца "на месцах".

 

Што за дэпутат любіць прадаваць беларускую тэхніку?

Сяргей Мартыняк быў дэпутатам Вярхоўнай Рады ў 2012–2019 гадах. Ён пазіцыянуе сябе як беспартыйнага, хоць гэта не перашкодзіла яму ў студзені 2014-га прагаласаваць за "дыктатарскія законы", прапанаваныя Віктарам Януковічам. Сярод іх было ўзмацненне жорсткасці пакарання за незаконныя мітынгі, крымінальная адказнасць за паклёп і іншыя пункты, сёння знаёмыя беларусам.

"Белкоммунмаш" владеет своим украинским дилером лишь на четверть

На пазачарговых выбарах пасля перамогі Майдана і прыходу Пятра Парашэнкі Мартыняк застаўся ў парламенце, але з гучнымі ініцыятывамі не выступаў. Хіба што — ён быў адным з "нардэпаў", якія выступалі за выключэнне з Крымінальнага кодэкса Украіны артыкула аб незаконным узбагачэнні.

Мартыняк больш вядомы як бізнесмен. Сваю аграрную бізнес-імперыю ён пачаў будаваць яшчэ ў 1990-х, дзякуючы чаму колькі часу ўваходзіў у тройку самых багатых дэпутатаў краіны. Адпаведна, былі і скандалы: то ён вілу ў Іспаніі не задэклараваў, то падазраваўся ў будаўніцтве фінансавых пірамід, то (пра што ўжо пісалі) — ва ўдзеле ў фіктыўных тэндарах.

Што ж звязвае Мартыняка з Беларуссю акрамя любові да свайго адсотку на продажы тэхнікі? У бытнасць дэпутатам ён быў сябрам парламенцкай групы па супрацоўніцтве дзвюх краін. І на гэтым палітычныя сувязі канчаюцца. Далей зноў толькі бізнес.

Партнёр Мартыняка і сузаснавальнік шэрагу яго кампаній (у тым ліку "Агратэхнікі") — Сяргей Гарлач. У афіцыйных дакументах яго грамадзянства раней пазначалася як беларускае, але ён вельмі даўно працуе ва Украіне. У 2016 годзе Гарлач валодаў луцкай кампаніяй "Янікс", якая ў той час была дылерам "Белкамунмаша" ва Украіне. У "Яніксе" ў беларускага прадпрыемства таксама не было долі: Сяргею Гарлачу належалі 100% кампаніі.

 

Наколькі гэта ўсё нармальна?

Аналітык Вадзім Іосуб у каментары Еўрарадыё падкрэслівае: проста зыходзячы з інфармацыі пра наяўнасць пасярэднікаў сказаць пра работу прадпрыемства нічога канкрэтнага нельга.

"Белкоммунмаш" владеет своим украинским дилером лишь на четверть

— З аднаго боку, нягледзячы на абвешчаную ў Беларусі барацьбу з пасярэднікамі, іх наяўнасць — асабліва пры міжнародным гандлі — звычайная практыка. Часцей за ўсё яна выкарыстоўваецца для спрашчэння лагістыкі. На мясцовым рынку замежныя вытворцы адкрываюць менавіта мясцовыя гандлёвыя дамы, якія ведаюць мясцовыя прынцыпы. І часта гэта менавіта сумеснае прадпрыемства.

Эксперт дадае: у некаторых краінах стварэнне мясцовага прадпрыемства можа станавіцца нават умовай уваходжання на рынак.

— Такія прадпрыемствы [пасярэдніцкія] — проста інструмент. Але выкарыстоўвацца ён можа вельмі па-рознаму. Тэарэтычна пасярэдніцкія структуры могуць быць выкарыстаны для падатковай аптымізацыі, невяртання выручкі ў краіну і гэтак далей.

Тое, што ва Украіне працуюць адначасова і прадстаўніцтва "Белкамунмаша", і яго афіцыйны дылер, можа быць прадметам для падазрэнняў. Але з іншага боку — прадстаўніцтва можа быць некамерцыйным прадпрыемствам.

— Яно можа быць створана, напрыклад, для вывучэння рынку. Каб падаваць у галаўную арганізацыю інфармацыю або даваць інфармацыю з галаўнога прадпрыемства на рынак. Гэта як "Майкрасофт" — у яго ёсць прадстаўніцтва ў Беларусі, але Windows вы купляць будзеце не беспасярэдне ў яго, — заключае Іосуб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі