Белтэлерадыёкампанія пракаментавала інцыдэнт з кіданнем фарбы
Белтэлерадыёкампанія пракаментавала інцыдэнт з кіданнем фарбы. Зроблена гэта было ў іранічнай манеры. Як паведамляла Еўрарадыё, раніцай 9 чэрвеня невядомыя закідалі фарбай уваход у будынак БТ. Іх не затрымалі.
"Раніцай 9 чэрвеня каля Белтэлерадыёкампаніі трое ў масках, не лічачы лямпачак з фарбай, здзейснілі акт сучаснага мастацтва, — цытуе каментар Белтэлерадыёкампаніі БелаПАН. — Невядомыя "размалявалі" фасад будынка чырвонай фарбай і, не дачакаўшыся водгукаў арт-крытыкаў, спешна рэціраваліся з месца акцыянізму". У паведамленні адзначаецца, што "эксперты спрачаюцца пра яго мастацкую каштоўнасць для чалавецтва", а Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле "Хуліганства" (арт. 339 КК).
Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі адзначае, што "сваім недарэчным учынкам "маляры-кідалы" толькі падкрэслілі грамадскую значнасць кантэнту, які вырабляе Белтэлерадыёкампанія".