Без намёкаў. Як Чырвоная плошча ператварылася ў аэрадром

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснымі хаўруснікамі Беларусі выпадковыя / калаж Улада Рубанава 
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснымі хаўруснікамі Беларусі выпадковыя / калаж Улада Рубанава 

Супрацьпаветраная абарона гэтай краіны аказалася фэйкам, калі “вораг” змог даляцець да самага Крамля.  

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае, як нямецкі лётчык-аматар Маціяс Руст прызямліўся на Чырвонай плошчы. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснымі хаўруснікамі Беларусі выпадковыя.

28 траўня 1987 года нямецкі авіятар-аматар Маціяс Руст узляцеў з аэрадрома блізу Хельсінкі на манаплане Cessna 172R, на якім за суткі да таго прыляцеў з Гамбурга. У палётных дакументах канчатковым пунктам маршруту значыўся Стакгольм.

У 13:10, атрымаўшы дазвол, Руст падняў сваю машыну ў паветра і накіраваўся па запланаваным маршруце. Праз 20 хвілін палёту ён далажыў дыспетчару, што на борце ў яго ўсё добра, і традыцыйна развітаўся. Пасля чаго выключыў бартавую радыёстанцыю, крута развярнуў самалёт у бок Фінскага заліва і пачаў зніжэнне да вышыні 80-100 метраў. Гэты запланаваны манеўр мусіў забяспечыць надзейнае выйсце самалёта з зоны назірання дыспетчарскага радара і прыхаваць праўдзівы маршрут палёту.

На гэтай вышыні Маціяс накіраваўся ў разліковы пункт Фінскага заліва паблізу паветранай трасы Хельсінкі — Масква. Яго арыенцірам быў сланцавы камбінат горада Кохтла-Ярве з прамысловым дымам, які быў бачны за сто кіламетраў. Зверыўшы паказанні радыёкомпаса з разліковымі, Руст лёг на “баявы курс”.

У той час у СССР была самая магутная сістэма супрацьпаветранай абароны ў свеце. За пяць гадоў да палёту Руста савецкія вайскоўцы збілі пасажырскі самалёт Паўднёвай Карэі, які парушыў паветраную прастору СССР. У выніку загінулі 269 чалавек.

"Вядома, я баяўся памерці", — успамінаў пасля Руст. Свой учынак 18-гадовы хлопец тлумачыў жаданнем наладзіць адносіны паміж СССР і Захадам.

Тым часам у Хельсінкі дыспетчар паветранага кантролю пачаў хвалявацца. Руст рухаўся ў няправільным кірунку, а пазней зусім знік з экранаў радараў — яшчэ да таго, як яны паспелі звязацца з ім па радыёсувязі.

У раёне фінскага ўзбярэжжа пачалася маштабная пошукава-выратавальная аперацыя. Калі на паверхні мора заўважылі нафтавую пляму, да пошукаў прыцягнулі вадалазаў.

Фінскія ратавальнікі шукалі яго ў моры, а Руст сядзеў у кабіне самалёта і перасякаў савецкую мяжу. Праз некалькі хвілін ён ужо ляцеў над Эстоніяй.

Амаль адразу савецкія радары засеклі з'яўленне самалёта Руста. Не прайшло і гадзіны, як побач з самалётам юнака аказаўся знішчальнік МіГ. Аднак замест таго, каб страляць па машыне госця з Заходняй Германіі, МіГ праляцеў міма і схаваўся ў аблоках.

Справа ў тым, што за дзень да таго ў гэтым раёне здарылася авіякатастрофа і працягваліся выратавальныя аперацыі; у небе таксама праходзілі навучальныя палёты новых пілотаў: усё гэта прывяло да блытаніны ў паветры і ў цэнтрах кіравання палётамі.

Так ці інакш Руст змог пераадолець некалькі соцень кіламетраў у паветранай прасторы СССР без іншых кантактаў з савецкімі вайскоўцамі і дыспетчарамі.

І хоць яму пашчасціла адносна спакойна даляцець да Масквы, пасадка не была лёгкай. Ён планаваў прызямліцца ў цэнтры Чырвонай плошчы і выступіць з гучнай заявай, аднак месца меркаванай пасадкі было запоўненае людзьмі. У выніку Руст заўважыў пусты мост ля сабора Васіля Блажэннага. Каля 19 гадзін, якраз на заходзе сонца, пілот прызямліўся на Чырвонай плошчы і вылез з кабіны, каб павітаць натоўп, які сабраўся каля яго.

Без намёкаў. Як Чырвоная плошча ператварылася ў аэрадром

Калі ж міліцыя ачуняла ад шоку пасля пабачанага ля варот Крамля самалёта, Руста арыштавалі.

Шок быў і ў Крамлі, калі ў поўнай меры там усвядомілі, наколькі ганебным для ўладаў быў гэты інцыдэнт.

Аднак выглядае на тое, што Міхаіл Гарбачоў зразумеў, што можа выкарыстаць сітуацыю ў сваіх інтарэсах, каб звольніць высокапастаўленых вайсковых чыноўнікаў, якія перашкаджалі яму праводзіць рэформы. У СССР акурат праходзіла палітыка перабудовы.

Праз некалькі дзён міністр абароны Сяргей Сакалоў быў адпраўлены ў адстаўку, звольніўся камандуючы СПА Аляксандр Калдуноў. На працягу наступных некалькіх месяцаў каля 150 вайсковых чыноўнікаў пазбавіліся сваіх пастоў.

Руста абвінавацілі ў парушэнні правілаў міжнародных палётаў, незаконным перасячэнні савецкай мяжы, а таксама ў злосным хуліганстве. Суддзя прыгаварыў Маціяса да чатырох гадоў папраўча-працоўных калоній.

У 1988 годзе, пасля падпісання Рональдам Рэйганам і Гарбачовым дамовы аб раззбраенні, Руст быў вызвалены на знак добрай волі пасля 14 месяцаў зняволення.

Цяпер Маціяс Руст працуе аналітыкам у банку, публічнай персонай ён не з'яўляецца, ад палётаў ужо даўно адмовіўся.

Некаторы час пасля пасадкі Руста на Чырвонай плошчы жыхары Масквы жартам называлі яе "Шарамеццева-3".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі