Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

Прыйсці да ўлады — гэта яшчэ паўбяды. Трэба сваё месца яшчэ і захаваць. Аднак што рабіць, калі прэзідэнцкія паўнамоцтвы абмежаваныя Канстытуцыяй, а аддаваць уладу іншаму не вельмі хочацца?   

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” прыгадвае, як кіраўнікі розных краін мянялі пад сябе Асноўны закон. Хтосьці з іх памёр на пасадзе. Некага зрынулі. Але ёсць і тыя, хто кіруе дагэтуль… Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Ідрыс Дэбі

Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

Былы кіраўнік Чада Ідрыс Дэбі прыйшоў да ўлады ў 1990 годзе праз ваенны пераварот. У 1996 годзе праз рэферэндум ён увёў новую Канстытуцыю, у якой было прапісана абмежаванне ў два прэзідэнцкія тэрміны па пяць гадоў. Аднак у 2005-м годзе, калі канчаўся другі тэрмін, Дэбі праводзіць яшчэ адзін рэферэндум — адзін і той жа чалавек цяпер можа абірацца на пасаду прэзідэнта бясконца. 

“Бясконцасць” скончылася ў красавіку гэтага года. 68-гадовы Дэбі быў забіты, калі камандаваў войскамі, якія змагаліся на фронце супраць паўстанцаў.
Пасля смерці Дэбі парламент быў распушчаны, а на яго месцы была ўтворана Пераходная ваенная рада, старшынёй якой стаў яго сын Махамат.

Такім чынам, Ідрыс Дэбі кіраваў краінай больш за 30 гадоў. 

Поль Бія

Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

Поль Бія стаў прэзідэнтам Камеруна ў 1982 годзе, да гэтага яшчэ сем гадоў быў і прэм'ер-міністрам. Ён “выйграў” сем прэзідэнцкіх выбараў, але апазіцыя называла іх вынікі фальсіфікаванымі. Абмежаванне ў два сямігадовыя тэрміны ён спачатку абыходзіў “абнуленнем” з прыняццем новай Канстытуцыі, а ў 2008 годзе ўвогуле прыбраў з яе гэтае палажэнне.

Апошні раз Бія быў пераабраны ў 2018 годзе, атрымаўшы больш за 71% галасоў. Яго галоўны сапернік Марыс Камто за спробы апратэставаць вынікі выбараў быў арыштаваны і правёў у зняволенні дзевяць месяцаў. 

88-гадовы Бія прэзідэнт Камеруна ўжо 38 гадоў. З 25 ліпеня 2019 года, пасля смерці прэзідэнта Туніса Беджы Каіда Эс-Себсі, ён — самы пажылы дзейны кіраўнік краіны ў свеце.  

Тэадора Абіянг Нгема Мбасага

Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

Тэадора Абіянг Нгема Мбасага ў 1979-м прыйшоў да ўлады ў Экватарыяльнай Гвінеі ў выніку вайсковага перавароту. Ён зрынуў дыктатарскі рэжым свайго роднага дзядзькі. Аднак шляхам дэмакратызацыі "пераемнік" не пайшоў.

У 1982 годзе ў краіне прайшоў канстытуцыйны рэферэндум, які ўсталяваў прэзідэнцкі тэрмін у сем гадоў. А пасля выбараў 1989 года ў асноўны дакумент унеслі папраўкі, якія дазволілі Тэадора Абіянг Нгема займаць пасаду неабмежаваную колькасць разоў.

У 2003 годзе дзяржаўнае радыё абвясціла, што Тэадора Абіянг Нгема “падобны да Бога на нябёсах”, знаходзіцца “ў пастаянным кантакце з Усёмагутным” і валодае “ўсёй уладай над людзьмі і рэчамі”.

79-гадовы палітык ва ўладзе ўжо 42 гады! І здаецца, сыходзіць не збіраецца: ён быў прызначаны на з'ездзе сваёй партыі кандыдатам на шосты тэрмін на выбарах 2023 года.

Ёверы Кагута Мусевені

Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

Ёверы Кагута Мусевені стаў прэзідэнтам Уганды ў 1986 годзе, калі яго войскі захапілі сталіцу краіны Кампалу пасля пяцігадовай грамадзянскай вайны.

З 1996 года Мусевені выйграў шэсць прэзідэнцкіх выбараў, апошнія з якіх прайшлі сёлета ў студзені. Ён двойчы мяняў Канстытуцыю, каб мець магчымасць зноў балатавацца: спачатку ў 2005 годзе адмяніў абмежаванне на два тэрміны, а потым у 2017 годзе — узроставае абмежаванне ў 75 гадоў.

77-гадовы Ёверы Кагута Мусевені кіруе Угандай ужо амаль 36 гадоў.

Ісмаіл Амар Геле

Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

Джыбуці — маленькая краіна ў Афрыцы, “клачок зямлі” паміж Эрытрэяй, Эфіопіяй і Самалі. 22 гады ёй кіруе Ісмаіл Амар Геле, якому зараз 74. 

У 1999 годзе ён быў афіцыйна абраны "пераемнікам" свайго дзядзькі. Некалькі разоў Геле элегантна пераабіраўся на пяцігадовыя прэзідэнцкія тэрміны “пераважнай большасцю галасоў удзячных выбаршчыкаў”.

Па Канстытуцыі краіны было дазволена абірацца на пасаду прэзідэнта на два тэрміны, аднак у 2010 годзе Геле ўнёс праўкі, якія дазволілі яму балатавацца далей. Гэта прывяло да масавых пратэстаў, аднак яны былі задушаныя.

На наступных выбарах у 2011 годзе Геле набраў больш за 80% галасоў. Пры гэтым яшчэ да галасавання лідары апазіцыі былі зняволеныя.

Уга Чавес

Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

Уга Чавес, прэзідэнт Венесуэлы і сябар Лукашэнкі, прабыў ва ўладзе ўсяго 14 гадоў. Але за гэты час паспеў тройчы правесці рэферэндумы, каб пашырыць свае паўнамоцтвы. 

У 1999 годзе Чавес становіцца прэзідэнтам. У тым жа годзе ён змяняе Канстытуцыю. У прыватнасці, прэзідэнцкі тэрмін павялічаны з 5 да 6 гадоў. 

У 2007 годзе ён паспрабаваў адмяніць абмежаванне ў два прэзідэнцкія тэрміны і павялічыць тэрмін з 6 да 7 гадоў. Аднак 51% венесуэльцаў на чарговым рэферэндуме прагаласавалі супраць.

У 2007-м Чавес пераабраўся на другі тэрмін паводле новай Канстытуцыі. А ў 2009 годзе ён спрабуе зноў адмяніць абмежаванні. І гэта атрымалася. Паводле афіцыйных звестак, 54% насельніцтва прагаласавалі “за”.

Чавес пераабраўся на трэці тэрмін у канцы 2012 года, але ўжо ў 2013 годзе памёр ад раку.

Нурсултан Назарбаеў

Без намёкаў. Як (не)легітымныя прэзідэнты Канстытуцыю пад сябе змянялі

На постсавецкай прасторы хапае і “абнулянтаў”, і “папраўшчыкаў Канстытуцыі”. Але асобна спынімся на Нурсултане Назарбаеве. Тым больш што менавіта “казахстанскі сцэнар” эксперты ўсё больш прарочаць Лукашэнку. 

Свае першыя выбары кіраўнік Казахстана выйграў у 1991 годзе. Праз чатыры гады прэзідэнцкія паўнамоцтвы былі працягнутыя на рэферэндуме да 2000 года. Але ў 2000-м зноў пачынаецца "першы" тэрмін Назарбаева.

У 2007 годзе ў Канстытуцыю дадалі выключэнне персанальна для Назарбаева як першага прэзідэнта: цяпер ён мог балатавацца неабмежаваную колькасць разоў. Гэтым ён і карыстаўся да сваёй адстаўкі ў сакавіку 2019-га ва ўзросце 79 гадоў. 

Пры гэтым ён захаваў за сабой пажыццёвую пасаду кіраўніка Савета бяспекі краіны. Фактычна Назарбаеў цяпер мае больш паўнамоцтваў, чем дзейны прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі