Без намёкаў. Як прапагандыстаў прысудзілі да пажыццёвага зняволення
Прапагандысты былі аднымі з вінаватых у генацыдзе ў Руандзе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Я хачу пацвердзіць, што гэта быў генацыд. І што я, на жаль, удзельнічаў у ім", — апусціўшы галаву, кажа 40-гадовы мужчына.
Ён звяртаецца да міжнароднага трыбунала і цалкам прызнае сваю віну ва ўчыненым. Імя мужчыны — Жорж Руджу. Ён удзельнічаў у генацыдзе ў Руандзе як прапагандыст — у ролі вядучага "Свабоднага радыё тысячы пагоркаў".
Пазней Руджу, адзіны з еўрапейцаў, хто паўстаў перад трыбуналам за падзеі 1994-га ў Руандзе, атрымаў 12 гадоў турмы. І гэта быў самы мяккі прысуд па гэтай справе.
Некаторыя прапагандысты атрымалі пажыццёвыя тэрміны.
Руандцы супраць руандцаў
Паміж дзвюма асноўнымі этнічнымі групамі ў Руандзе, хуту і тутсі, падзел фармаваўся яшчэ ў XIX стагоддзі. Паступова расслаенне грамадства павялічвалася: з шэрагу прычын тутсі лічыліся больш паспяховымі і вышэйшымі ў сацыяльнай іерархіі, чым хуту. Хоць на самай справе гэтыя этнасы вельмі мала адрозніваліся адзін ад аднаго. Так працягвалася дзесяцігоддзямі, але сітуацыя пачала мяняцца ў сярэдзіне 20-га стагоддзя.
Першае паўстанне хуту супраць тутсі працягвалася з 1959-га да 1967-га. У выніку было забіта каля 20 тысяч тутсі, сотні тысяч уцяклі ў суседнія краіны.
У 1963-м прэзідэнтам быў абраны этнічны хуту Грэгуар Кайібанда. Ён выбудаваў жорсткую аднапартыйную сістэму і ўсяляк падтрымліваў хуту, але яшчэ далей пайшоў Жувеналь Хаб'ярымана, які ў 1973-м змяніў Кайібанду ў выніку дзяржаўнага перавароту.
Хаб'ярымана выбудаваў цалкам аўтарытарную дзяржаву — даходзіла да таго, што сілавікі патрабавалі на мерапрыемствах танцаваць у гонар прэзідэнта. Усяляк падтрымліваючы хуту, ён прыгнятаў тутсі. Тутсі, якія ўцяклі з Руанды, стварылі сваю арганізацыю і ў 1990-м, абвяшчаючы пра намер вызваліць сваю краіну, уварваліся ў яе з суседняй Уганды. Так пачалася грамадзянская вайна, у падрабязнасці ходу якой мы не будзем удавацца.
Адзначым толькі, што ў выніку грамадзянскай вайны ў Руандзе і генацыду, які яе суправаджаў, загінулі да 800 тысяч тутсі, а агульная колькасць ахвяр перавысіла мільён. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі прапагандысты.
Барацьба з "тараканамі"
"...калі мы пацярпім паразу, відавочна, што, нават калі вы схаваецеся на дне возера Ківу, яны зробяць усё магчымае, каб вылавіць вас, асудзіць і павесіць", — заяўляў у эфіры "Радыё тысячы пагоркаў" летам 1994-га Хабімана Кантана.
Фармальна гэтае радыё было прыватным, хоць было звязанае з дзяржаўным "Радыё Руанда", якое дазваляла сабе ў эфіры не так шмат. Яно вяшчала крыху больш за год — з 1993-га да 1994-га. Але за гэты час стала галоўным рупарам барацьбы хуту супраць тутсі.
Ворагаў у эфіры грэбліва называлі "тараканамі" і іншасказальна заклікалі знішчаць іх. Часам агучваліся сапраўдныя "расстрэльныя спісы" — ворагаў, якіх трэба знішчыць. Пад уздзеяннем масіраванай прапаганды і гэтых заклікаў міжэтнічныя сутыкненні і забойствы станавіліся ўсё сур'ёзнейшымі. А вядоўцы і аглядальнікі радыё гэта падтрымлівалі: называлі змаганнем за краіну і дэмакратыю.
Былі і тыя, хто разумеў небяспеку радыё і заклікаў заходнія краіны дапамагчы ў яго блакаванні... Але дыпламаты гэтай ідэі не падтрымалі. Напрыклад, амбасадар ЗША сказаў, што эўфемізмы маюць "поле для інтэрпрэтацый", і нагадваў пра свабоду слова.
Недаацэньваць уплыў заклікаў, якія гучалі ў эфіры радыё, нельга. Цікавае даследаванне праводзіў навуковец з Гарварда Дэвід Янагізава-Дрот. Калі гаварыць пра яго высновы проста, то ў тых населеных пунктах, дзе сігнал радыё быў лепшы, пазней аказалася і больш асуджаных за ўдзел у генацыдзе.
Хоць сваю ролю ў падбухторванні да забойстваў іншадумцаў не адмаўляла і большасць тых супрацоўнікаў радыёстанцыі, якіх судзілі за генацыд.
Трыбунал
Судзілі прапагандыстаў на міжнародным трыбунале ААН. Гэта быў першы пасля Нюрнбергскага трыбунала выпадак, калі роля медыя разглядалася ў кантэксце міжнародных крымінальных злачынстваў.
"Мы здзейснілі глупства. Мы не былі пільныя. Мы верылі ў тое, што казалі нашы ўлады. Мы ім давяралі. Мы прызнаём, што мы зграшылі, таму сёння мы становімся на калені і просім прабачэння", — казала адна з абвінавачваных Валеры Бэмэрыкі, якой пазней прысудзілі пажыццёвае зняволенне.
Усіх прапагандыстаў прызналі вінаватымі ў садзейнічанні генацыду. Тэрміны — уключаючы пажыццёвае. Некаторыя з асуджаных ужо памерлі ў зняволенні, але затрыманні фігурантаў працягваюцца: напрыклад, у 2020-м у Францыі затрымалі Фелісьена Кабугу, якога лічаць адным з тых, хто фінансаваў радыё.
Што ж да Жоржа Руджу, якога мы згадвалі ў пачатку, у 2008-м яго перадалі Італіі для адбыцця рэшты тэрміну, але праз год яго вызвалілі датэрмінова — у парушэнне міжнародных нормаў. Па апошніх звестках, сёння ён жыве ў родным бельгійскім горадзе Верв'е. Але чым ён займаецца і ці падтрымлівае кантакты з былымі "сябрамі", невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.