Бішкек адказаў Мінску: Вашых кіраўнікоў не прымаюць цывілізаваныя краіны

Міністэрства замежных спраў Кыргызстана 27 лютага выступіла з заявай у адказ на заяву знешнепалітычнага ведамства Беларусі. У ёй адзначаецца, што пазіцыя ўладаў Беларусі "недарэчная" і што яны "любымі сродкамі выгароджваюць і абараняюць" кыргызскі крыміналітэт (найперш Жаныбека Бакіева).

Нагадаем, МЗС Беларусі апублікавала заяву з нагоды абвінавачанняў з боку Кыргызстану. Яны датычылі “справы Бакіева”. Цяперашні кіраўнік Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў заклікаў улады Беларусі прыняць рашэнне аб выдачы сям'і экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева. Малодшага брата былога кіраўніка Кыргызстана Жыныбека ў Бішкеку падазраюць у дачыненні да нядаўняга забойства ў Мінску крымінальнага "аўтарытэта" Алмамбета (альбо — Алманбета) Анапіяева.

У заяве, размешчанай на сайце МЗС Беларусі, адзначаецца, што “няма сэнсу каментаваць абразлівыя паралелі і выказванні кіраўніцтва Кыргызстану на адраc Беларусі. Падобныя перагрэтыя эмацыйныя заявы былі б немагчымыя на ўзроўні лідара цывілізаванай дзяржавы”. Таксама там гаворыцца, што Кыргызстан "мае свой спецыфічны падыход да правасуддзя".

Як інфармуе РІА "Новости", у МЗС Кыргызстана адзначылі, што "цалкам недарэчна гучаць таксама спасылкі беларускага боку на паняцці "цывілізаванасці дзяржавы", "захавання правоў сваіх грамадзян", "справядлівай судовай абароны" і "спецыфічнага падыходу да правасуддзя". Тым больш, "у святле вядомых сусветнай супольнасці фактаў, якія стварылі ўстойлівы імідж адпаведных органаў Рэспублікі Беларусь, у выніку чаго іх кіраўнікоў не прымаюць у большасці цывілізаваных краін свету".

Бішкек зноў заклікаў Мінск "да канструктыўнага супрацоўніцтва" ў справе выдачы і крымінальнага пераследу злачынцаў.

Нагадаем, сям'я Бакіева збегла з Кыргызстана пасля рэвалюцыі красавіка 2010 года. Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў атрымаў у Беларусі прытулак, а пасля і беларускае грамадзянства. У нашу краіну прыехаў у яго брат Жаныбека, які ачольваў Службу дзяржаўнай аховы Кыргызстана. Абодвух братоў на радзіме завочна асудзілі на пажыццёвае зняволенне за масавы расстрэл дэманстрацыі з сталіцы Кыргызстана ў красавіку 2010-га. Тады загінулі больш за 70 чалавек.

Фота: AFP, ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі