Бізнес-аналітык Андрэй Кінаш трапіў у лякарню пасля затрымання
У лякарню трапіў пасля затрымання бізнес-аналітык кампаніі HES FinTech Андрэй Кінаш. Яго затрымалі невядомыя ў масках увечары 5 студзеня ў мінскім мікрараёне Уручча.
Цяпер мужчына шпіталізаваны ў 5-ю гарадскую клініку.
"Выйшаў на сувязь сам, сёння раніцай, у раёне шасці гадзін. Вельмі моцна круціцца галава. Адчувае боль пры рэзкіх рухах, чуе шум у вушах. Ляжыць пад кропельніцай, стан слабы, але трымаецца. Папярэдні дыягназ — ЧМТ сярэдняй ступені", — распавялі сваякі ў каментары dev.by. Па іх словах, хутчэй за ўсё затрымалі бізнес-аналітыка па вядомым артыкуле 23.34.
Паведамляецца, што Кінаша вельмі моцна стукнулі аб сцяну, калі ён падышоў да суседзяў. Відэаназіранне паказала, што напалі невядомыя людзі не ў форме, але ў масках. Іх было каля 15 чалавек.
У Андрэя трое дзяцей — дзве дачкі (11 і 6 гадоў) і чатырохгадовы сын.
У той жа вечар пасля затрыманняў былі шпіталізаваныя яшчэ як мінімум два мінчукі — Віктар Мароз і Дзмітрый Чыстоў.
Па звестках ТГ-канала "Белыя халаты", Чыстоў пакінуў лякарню сам, у яго пералом рабра.
Мароза затрымалі ў Новай Баравой — відэа з гэтым інцыдэнтам ужо шырока разышлося ў інтэрнэце. Паведамляецца, што цяпер ён ляжыць у хірургічным аддзяленні бальніцы хуткай меддапамогі. У яго праблемы з шыяй, моцныя ваніты і страсенне мозгу.
Дарэчы, Віктар Мароз — фігурант "справы Белагк легіёна" 2017 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.