Бізнесменаў, якія з'ехалі за мяжу, у Беларусі таксама збіраюцца судзіць завочна
Сілавікоў цікавяць бізнесмены-уцекачы, з якіх ёсць што ўзяць / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Бізнесменаў, якія з'ехалі за мяжу, у Беларусі таксама, як і апазіцыянераў-палітуцекачоў, збіраюцца судзіць завочна. А іх актывы дзяржава будзе забіраць, каб "кампенсаваць страты" (гаворка пра дзясяткі мільёнаў рублёў). Пра гэта ў аўторак па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў кіраўнік Следчага камітэта Дзмітрый Гара.
"Узгодненая пазіцыя... адносна накіравання ў суд у парадку спецыяльнай вытворчасці і крымінальных спраў не экстрэмісцкай накіраванасці, а ў дачыненні да людзей, якія здзейснілі эканамічныя злачынствы, нанёсшы велізарную шкоду і грамадзянам, і дзяржарганізацыям, — цытуе словы Гары прэс-служба СК. — І ў якіх засталіся тут даволі вялікія актывы, якія дазволяць кампенсаваць гэты ўрон. У гэтым кірунку таксама будзем працаваць".
Вялікія актывы, якія ў бізнесменаў засталіся ў Беларусі, Гара пералічае ў якасці ўмовы для расследаванняў і завочных судоў. Атрымліваецца, што калі фігурант эканамічнай справы з'ехаў, нічога не пакінуўшы на радзіме, ён сілавікам не цікавы. Іншая справа, калі ў яго ёсць што ўзяць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.