Блогера Аляксандра Лапшына экстрадавалі з Беларусі ў Азербайджан (фота, відэа)
Блогера Аляксандра Лапшына экстрадавалі з Беларусі ў Азербайджан. Увечары ў аўторак, 7 лютага, ён быў дастаўлены ў Баку спецыяльным рэйсам з Мінска. Як паведамляе сайт vesti.az, Лапшына суправаджалі супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі Азербайджана, узброеныя і ў масках, рукі блогера былі ў кайданках.
Аляксандр Лапшын — вядомы рускамоўны блогер, ён мае грамадзянства Расіі, Ізраіля і Украіны. У Мінску замежніка затрымалі ў снежні мінулага года паводле запыту Азербайджана. У "чорных спісах" гэтай краіны Лапшын знаходзіўся яшчэ з 2011 года.
Еўрарадыё інфармавала, што якраз учора Вярхоўны Суд Беларусі пакінуў без задавальнення скаргі Аляксандра Лапшына і яго адваката. Яны спрабавалі абскардзіць пастанову Мінскага гарадскога суда аб законнасці рашэння намесніка генпракурора Беларусі аб выдачы Лапшына Азербайджану. У гэтай краіне блогера збіраюцца пераследаваць за тое, што ён наведваў Нагорны Карабах, які Азербайджан лічыць акупаванай тэрыторыяй, а таксама за крытычныя выказванні ў сацсетках пра ўладу.
Вядома, што Аляксандр Лапшын і яго маці, пры ўдзеле ізраільскіх дыпламатаў, перадалі ў Баку лісты да кіраўніцтва Азербайджана з прабачэннямі. Аднак адказаў на іх не атрымалі.