Большасць клубаў вышэйшай лігі — супраць плэй-оф у чэмпіянаце Беларусі
14 снежня ў Доме футбола прайшла працоўная сустрэча прадстаўнікоў 16 клубаў вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі. Як паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі футбола, усе яны ўвайшлі ў створаны Савет клубаў.
На сустрэчы пераважная большасць клубаў (13 з 16) выказаліся супраць увядзення сістэмы плэй-оф у чэмпіянаце краіны 2017 года. Такім чынам, у будучым нацыянальным першынстве нават не будзе разглядацца варыянт турніру з накаўт-раўндам.
Таксама на нарадзе абмяркоўвалася колькасць легіянераў на полі і ў заяўцы на матч. Савет клубаў рэкамендаваў выканкаму АБФФ павялічыць ліміт легіянераў на полі да пяці гульцоў. У заяўцы на гульню рэкамендавана ўвогуле не абмяжоўваць колькасць легіянераў. Канчатковае рашэнне будзе прынятае на пасяджэнні выканкама федэрацыі 20 студзеня 2017 года.