Брэсцкі гандбольны клуб распачаў сезон з перамогі (фота)
На хатнім стадыёне "Вікторыя" з лікам 31:27 ён адолеў баснійскі "Борац".
Матч праходзіў 31 жніўня ў межах паўднёва-ўсходняй гандбольнай лігі. Cустрэча для гаспадароў апынулася няпростай. Амаль усю гульню каманды гулялі на роўных, і толькі за некалькі хвілін да канца другога тайму брэстаўчане адарваліся на некалькі ачкоў.
Выступ БГК імя Мяшкова для Еўрарадыё пракаментаваў харвацкі легіянер каманды Люба Вукіч:
Вукіч: "Самае істотнае, што ачкі "дома" засталіся. Гэта значыць, тры ачкі ў кішэні... Трэба лепей гуляць, бо сёння гулялі не вельмі добра. Ведаем, дзе памыляемся, і над гэтым будзем працаваць. "Борац" апынуўся добрай камандай, і я віншую іх з добрай гульнёй".
У новым сезоне сёлетні пераможца чэмпіянату і ўладальнік Кубка Беларусі таксама гуляе і ў кваліфікацыі ў гандбольную Лігу чэмпіёнаў. Ужо 6 верасня ён сустрэнецца з галандскай камандай "Таргас Бэво".