БСДП (Грамада) сабрала ў падтрымку Караткевіч 19550 подпісаў

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) сабрала ў падтрымку прэтэндэнткі на пасаду прэзідэнта Беларусі Таццяны Караткевіч 19 550 подпісаў. Гэтую лічбу агучылі 30 жніўня на пасяджэнні прэзідыума партыі ў Мінску.

Подпісы сябры БСДП збіралі ў Брэсцкай вобласці, Полацку, Наваполацку, Верхнядзвінску, Гродне, Магілёве, Рэчыцы і Гомелі. Лідарам па збору подпісаў апынулася Брэсцкая вобласць, дзе ў падтрымку Караткевіч было сабрана 14 300 подпісаў. На Гомельшчыне сацыял-дэмакраты сабралі 3 600 подпісаў, на Віцебшчыне —1 500.

Старшыня партыі Ірына Вештард лічыць, што ў гэтай выбарчай кампаніі сацыял-дэмакраты задзейнічалі далёка не ўвесь свой патэнцыял, бо былі разыходжанні ўнутры партыі адносна падтрымкі выбарчай кампаніі Таццяны Караткевіч.

Акрамя таго сацыял-дэмакраты выступілі за перафарматаванне ўмоваў супрацы ўнутры ініцыятывы. Калі выпрацаваныя цягам тыдня прапановы не будуць прымальныя для іншых палітычных суб’ектаў, то БСДП разгледзець пытанне аб выхадзе з ініцыятывы “Народны рэферэндум”. Нагадаем, такія ж планы мае і Партыя БНФ.

Як паведамляла Еўрарадыё, у падтрымку Караткевіч было здадзена ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі 107 тысяч подпісаў. Некаторыя апазіцыйныя дзеячы выказалі сумненні, што яны сапраўды былі сабраныя ў такой колькасці. Была нават створаная камісія для праверкі. Вядома, што сябры Партыі БНФ сабралі ў падтрымку прадстаўніцы "Гавары праўду" і "Народнага рэферэндума" 10 300 подпісаў. Цяпер стала вядомая лічба подпісаў у сацыял-дэмакратаў, іх менш за 20 тысяч.

Будзе скандал? Чым скончыцца праверка подпісаў Караткевіч апазіцыяй

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі