Бум ровараў у ЕС: пешаходы ваююць з роварамі, а кіроўцам не хапае паркоўкі

Мінчукі ўсё часцей наракаюць на нашэсце ровараў на вуліцах.

“Трэба нешта рабіць з веласіпедыстамі. Яны носяцца па тратуарах, вылятаюць з іх на пераходы. Можа, трэба ладзіць нейкую акцыю кшталту “Злаві і прыдушы веласіпедыста”?" — піша ў Facebook журналістка Любоў Лунёва.

Але прэтэнзіі не толькі ў яе. Што цікава, Мінск нельга назваць прасунутым роварным горадам, у адрозненне ад многіх іншых еўрапейскіх гарадоў. Там роварнае пытанне стаіць яшчэ больш востра.

Нямецкае выданне Der Spiegel распавядае пра праблему, з якой сутыкнуліся у Галандыі і Даніі.

Der Spiegel: “Большая колькасць ровараў мусіла зрабіць еўрапейскія гарады больш прыдатнымі для жыцця. Замест гэтага папулярнасць паездак на двух колах выклікала праблемы ў некаторых гарадах Даніі і Галандыі, дзе сталі звыклымі заторы і брак месца для паркоўкі”.

Раней лічылася, што ровары з’яўляюцца ўніверсальным рашэннем забітых аўтамабілямі дарог, а таксама забруджвання паветра. Цяпер іх стала так шмат, што часам няма куды прыпаркаваць свайго “жалезнага каня”. Але гарадскія планіроўшчыкі з гэтымі праблемамі знаёмыя, і глядзяць у будучыню аптымістычна.

Галандскі горад Гронінген налічвае 375 тысяч ровараў пры колькасці жыхароў 200 тысяч чалавек. Гарадскія ўлады ўзялі курс на “раварызацыю” 35 гадоў таму, і цяпер на іх адбываецца 50% усіх паездак, а да 2030 года гэты паказчык і ўвогуле плануецца давесці да 65%. Дзесяць гадоў таму на стаянцы ля мясцовага вакзала збіралася 3 тысячы ровараў, цяпер іх ужо 10 тысяч. А хутка будзе і 15, і 17 тысяч, кажа гарадскі роварны камісар Яап Валкема.

Яап Валкема: “Каб размясціць гэтую плынь ровараў, ля вакзала пабудавалі гараж. Магчыма, трэба браць аплату за паркоўку там. Прынамсі з тых, хто пакідае ровар больш чым на суткі”.

У Капенгагене, які імкнецца быць лепшым у свеце горадам для раварыстаў, таксама ёсць складанасці. Найбольш загружаныя роварныя дарожкі, што вядуць у цэнтр горада, маюць шырыню ў лепшым выпадку 3-4 метры. Падчас зялёнага святла святлафора паток рухаецца з хуткасцю 20 кіламетраў у гадзіну. Калі ж загараецца чырвонае, часам прыходзіцца чакаць 2-3 фазы святлафора, каб пераехаць праз дарогу — настолькі шмат ровараў! Таму ў Капенгагене ўсімі спосабамі спрабуюць палепшыць інфраструктуру. Забава не танная: толькі ў гэтым годзе на гэта выдаткавалі 22 мільёны еўра.

“Зразумела, роварная інфраструктура каштуе грошай, але гэта самы эфектыўны і даступны спосаб палепшыць рухавасць у горадзе”, — кажа Айфер Байкал, намесніца мэра Капенгагена па пытаннях навакольнага асяроддзя і тэхналогій.

Тым часам ровары выклікаюць спрэчкі, і нават вайну, у непасрэднай блізкасці да Беларусі — у Польшчы. Тут адбываецца жорсткая барацьба за тратуары паміж пешаходамі і раварыстамі, пісала пару месяцаў таму газета Metro, спасылаючыся на шматлікія гнеўныя каментары ў інтэрнэце ў стылі:

“Сёння міма мяне праехаў такі псіх, які ледзь не пратараніў вазок з дзіцём. Разбярыцеся з імі!”

Самае вялікае напружанне паміж раварыстамі і пешаходамі адчуваецца ў Варшаве, дзе адбываецца роварны бум. Адной з прычынаў яго з’яўляецца ўвядзенне грамадскага пракату ровараў: у траўні варшавяне карысталіся сэрвісам 14 тысяч разоў штодзень.

Улады польскай сталіцы хочуць вырашыць праблему праз заахвочванне раварыстаў карыстацца агульнымі дарогамі, а не пешаходнымі тратуарамі. У той жа час раварысты адмахваюцца ў бок кіроўцаў аўтамабіляў, сцвярджаючы, што тых таксама трэба адукоўваць, толькі тады нешта будзе.

Фота: ecf.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі