Былому ўласніку машыны не дадуць права першачарговага выкупу (відэа)
Былы ўласнік машыны, канфіскаванай за язду ў нецвярозым стане, зможа затым яе выкупіць, але толькі на агульных падставах.
Права першачарговага выкупу ў такога аўтамабіліста не будзе. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення арганізацыі працы і кантролю выканання выканаўчых дакументаў Міністэрства юстыцыі Аляксандр Ізварын.
Чыноўнік распавёў аб працэдуры забірання аўтатранспарту за паўторнае на працягу года кіраванне ў нецвярозым стане. Арышт на аўтамабіль накладаецца адразу пасля затрымання грамадзяніна, які кіраваў ім у п'яным выглядзе. Пытанне пра канчатковы кошт машыны будзе вырашацца на ўзроўні камісій па працы з маёмасцю пры выканкамах. Перадача аўто на карысць дзяржавы адбудзецца толькі па рашэнні суда. Затым аўтамабіль перадаецца на рэалізацыю праз аўкцыёны, гандлёвыя пляцоўкі, падзначае БелаПАН.
Ізварын не змог сказаць, калі створаць адкрытую базу звестак асобаў, пазбаўленых права кіраванні за язду ў нецвярозым стане. Да такой базы маглі б звяртацца, напрыклад, фірмы па пракаце аўтамабіляў, бо пазбаўленне пасведчання кіроўцы не заўсёды азначае адсутнасць у чалавека гэтага дакумента.
Нагадаем, што 24 кастрычніка набыў моц закон, які ўзмацняе адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане.
Фота — n1.by