Былому журналісту з Драгічына забаранілі выезд з Беларусі
Сяргей Гардзіевіч / baj.by
Былому журналісту інтэрнэт-выдання "Першы рэгіён" Сяргею Гардзіевічу забаранілі пакідаць Беларусь. Пра гэта ён даведаўся ў памежным пункце пропуску, калі спрабаваў выехаць у Літву.
"Я адчуў нешта нядобрае, калі памежніца вельмі доўга разглядала мой пашпарт. У выніку яна патэлефанавала, і прыйшоў яе начальнік", — расказвае Сяргей Гардзіевіч. Яго гісторыя стала вядомая БАЖ. Урэшце беларускія памежнікі заявілі, што журналісту забаронены выезд за мяжу і паставілі ў пашпарт адпаведны штамп.
Улетку 2021 года Гардзіевіч быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. Яго судзілі паводле трох крымінальных артыкулаў КК: абраза прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК), паклёп (арт.188 КК) і публічная абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Гардзіевіч у судзе віну не прызнаў, тэрмін адбываў у шклоўскай калоніі. Летась у кастрычніку выйшаў на волю.
Ужо сёлета Сяргей Гардзіевіч атрымаў візу і ў сакавіку вырашыў з'ездзіць у Літву. Паездка атрымалася няўдалай. Прычыны журналіст не ведае. Ён накіраваў скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт, каб даведацца, чаму яму забаронены выезд за мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.