Былы беларускі палітвязень Лобаў стаў добраахвотнікам ва Украіне (відэа)
У кароткім відэазвароце ён распавёў, што вырашыў дапамагчы ўкраінскаму народу, калі яшчэ знаходзіўся ў калоніі.
Былы беларускі палітвязень Эдуард Лобаў стаў добраахвотнікам ва Украіне. Як вядома, у складзе добраахвотных украінскіх батальёнаў і палкоў ёсць дзясяткі беларусаў. Частка з іх аб'яднаныя ў "Згуртаванне патрыётаў", якое ўчора і змясціла на YouTube відэа са зваротам Лобава.
Нагадаем, Эдуард Лобаў быў затрыманы 18 снежня 2010 года (за дзень да прэзідэнцкіх выбараў і Плошчы) разам з лідарам "Маладога фронту" Змітром Дашкевічам. Следства заявіла, быццам маладафронтаўцы збілі двух мінчукоў, асобы якіх былі засакрэчаныя. Затрыманне Дашкевіча і Лобава праваабаронцы ацанілі як прэвентыўную меру. Па гэтай крамінальнай справе Эдуарда Лобава асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Змітра Дашкевіча — на два гады калоніі агульнага рэжыму. "Міжнародная амністыя" прызнала абодвух вязнямі сумлення.
Увесь тэрмін пакарання Лобаў адбываў у Івацэвіцкай калоніі. 26-гадовы актывіст выйшаў на волю ў снежні 2014-га.
У відэазвароце Лобаў называе сябе "сустаршынёй "Маладога фронту" (на яго камуфляжы ёсць нашыўка "Малады фронт"). Кажа, што "прыехаў ва Украіну дапамагчы ўкраінскаму народу ў вайне з агульным ворагам". Паколькі наступнай пасля Украіны можа стаць Беларусь, лічыць маладафронтавец. Эдуард Лобаў прызнаецца, што вырашыў паехаць ва Украіну яшчэ ў калоніі.
Сярод добраахвотнікаў Лобаў "сустрэў шмат беларусаў". У якім ён падраздзяленні і які ў яго статус, не кажа. Тое, што былы палітвязень "засвяціў" сябе, сведчыць пра тое, што ён не збіраецца вяртацца ў Беларусь.
Раней стала вядома, што ў добраахвотніцкім батальёне АУН ваюе на Данбасе за Украіну былы беларускі палітвязень Васіль Парфянкоў.
Фота: nn.by