Чацвёра з пятнаццаці мінчукоў на вуліцы — дармаеды па версіі дзяржавы!

Падатак на дармаедства ў краіне абмяркоўваецца сур’ёзна. Еўрарадыё прайшлося па вуліцах Мінска з пытаннем, чаму вы не на працы?

“Бо я звальняюся, вось прама цяпер іду звальняцца, падпісваць дакументы. Працаваў у “Сувязным” прадаўцом-кансультантам. Плацілі мала — 3,5 мільёны, не падабаецца. Год амаль прапрацаваў”, без працы аказваецца 21-гадовы Мікалай, якога сустракаем трэцім.

* Мікалай, звольніўся і ўжо знайшоў новую працу. Беспрацоўным пабыў некалькі гадзін. 

Толькі былы прадавец ужо знайшоў новую працу з больш высокімі заробкамі. Але мае меркаванне пра магчымы падатак з абібокаў:

“Наконт закона — ён дурацкі!”.

Электрамантажнік Аляксей грэецца ў халоднае надвор'е на першым паверсе ўніверсама “Цэнтральны”. Кажа, што сёння выхадны. З падаткам на ляноту Аляксей не згодны:

* У Аляксея дакладная пазіцыя наконт падатка на дармаедства.

“А ў мяне жонка ў дэкрэтным адпачынку. Яе што, таксама браць падатак? (Еўрарадыё тлумачыць, што з жанчыны ў дэкрэце не будуць плаціць падатак - яны ў законным адпачынку, але Аляксей абараняе сваю пазіцыю) А калі ў каго многа дзяцей — іх жа трэба выхоўваць! Але вось бамжоў і алкаголікаў трэба на працы заганяць”.

Там жа сустракаю яшчэ аднаго мужчыну нападпітку. Пытаюся, чаму не працуе, той адразу апраўдваецца:

“У мяне? Выхадны! Гэта прыватнае, дзе я працую! Прабачайце, ідзіце да каго іншага”.

Мінчук Аляксандр выглядае добра і шчасліва, яго сустракаем на скрыжаванні. Пытаемся, чаму і ён не на працы?

* Безпрацоўны пакуль што Аляксандр просіць фатаграфаваць у профіль.

“Таму што я беспрацоўны на гэты момант!”, — кажа ён, і сам разумее, чаму такое пытанне — падатак на дармаедства!

“Не памятаю, што там за выраз… Ад хворай галавы ногі баляць, ці як. Няхай дзяржава прыдумвае, што заўгодна”, — кажа Аляксандр і пагаджаецца фатаграфавацца толькі збоку.

Былога інжынера мабільнай сеткі “Вэлком” Аляксандра сустракаем на Кастрычніцкай плошчы. На пытанне, чаму ён не на працы, смяецца:

* Аляксандр не хоча фатаграфавацца - лаўлю ў аб'ектыў, калі мужчына сыходзіць.

“Бо я гультай! У дзяржавы няма грошай, і яны хочуць садраць паболей, і дзе толькі можна. Вунь і на аўтамабілі ўводзяць нейкія падаткі. Зразумела, што трэба неяк пакараць людзей, якія нідзе не працуюць. Але на гэта ёсць іншыя спосабы”, — мяркуе былы інжынер. Сам ён цяпер не шукае ніякую працу, бо пакуль у ёй не мае патрэбы – “ўсім хапае, і жонцы, і дзецям”. Шчаслівы чалавек!

“У мяне цяпер выхадны, суткі праз двое”, — распавядае мне Мікіта, ахоўнік мінскага метро. Яго я сустракаю на плошчы Леніна. Пытанне, ці не дармаед раптам Мікіта, адпадае адразу.

* Мікіта, ахоўнік ў метро.

На думку Мікіты, падатак на безпрацоўе трэба ўводзіць – “мо тады людзі пачнуць шукаць працу і плаціць падатак з даходаў, а гэта будзе садзейнічаць паляпшэнню эканамічнага становішча”.

Еўрарадыё: “Вы працуеце ў метро і бачыце, колькі людзей ездзіць не ў гадзіны пік…”

Мікіта: “Вядома, але не ў гадзіны пік у асноўным ездзяць студэнты, а ранкам — людзі працоўныя. Калі на Купалаўскай стаіш, адразу бачыш, дзе людзі працуюць. У Адміністрацыі прэзідэнта”.

Ірына адмаўляецца фатаграфавацца. У мінулым — настаўніца, а цяпер яна беспрацоўная. Дзяўчына кажа, што не працуе, бо… выйшла замуж!

“Не працую, бо ёсць пакуль магчымасць не працаваць”, — кажа дзяўчына.

Ў выніку, з 15 апытаных Еўрарадыё на вуліцы, чацвёра аказалася без працы.

Як мы даведаліся ў міністэрстве фінансаў, у бюджэт на 2013 год не закладалі падатак на абібоцтва. Бо гэта толькі абмяркоўваецца. Нават ніякага праекта пакуль няма:

“Гэта пакуль што толькі прапанова, якая не ўнесена ні ў праект бюджэту на наступны год, ні ў праект змяненняў Падатковага Кодэкса на наступны год. Гэта проста прапанова, адна з многіх”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі