Цхалтуба, Лянкяран, Друскенікі: як жывуць папулярныя савецкія санаторыі
Цхалтуба, Грузія. Ліпень 2019 г. / Давід Піпія / JAMnews
У 30-я гады мінулага стагоддзя па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза былі пабудаваны тысячы санаторыяў. Як правіла, гэтыя савецкія здраўніцы мелі пампезны выгляд і карысталіся вялікай папулярнасцю не толькі сярод мясцовага насельніцтва, але і ў прадстаўнікоў улады. Санаторыі, размешчаныя на марскіх узбярэжжах або паблізу карысных тэрмальных крыніц, прымалі дзясяткі тысяч чалавек за сезон. Журналісты з краін Усходняй Еўропы вырашылі даведацца, што сталася з санаторыямі, якія былі "сімваламі эпохі".
Грузія: рэанімацыя пасля вайны
Курортны горад Цхалтуба на захадзе Грузіі багаты азотнымі мінеральнымі крыніцамі. Першых наведвальнікаў тутэйшыя курорты прынялі яшчэ ў XVIII стагоддзі, але сапраўдную папулярнасць горад здабыў пасля 50-х гадоў XX стагоддзя.
У 1993 годзе Цхалтуба апанавалі людзі, якія ўцяклі ад вайны ў Абхазіі (зона грузіна-абхазскага канфлікту размешчана літаральна за некалькі гадзін язды адсюль). Бежанцаў рассялялі на скорую руку — у будынкі, якія належалі дзяржаве. Самым зручным часовым жыллём былі гасцініцы і санаторыі. Тады здавалася, што гэта толькі часовае жыллё, але многія вымушаныя перасяленцы дагэтуль туляцца ў санаторскіх пакоях. Горад як быццам патануў у вязкай галечы, і ўлады пакуль не могуць знайсці з яе выйсця, хоць і стараюцца.
Пра тое, як у Грузіі спрабуюць удыхнуць другое жыццё ў некалі знакаміты курорт, чытайце ў матэрыяле JAMnews: "Грузинский город Цхалтубо — заброшенный рай".
Азербайджан: жывая вада на любы кашалёк
Адбудаваны ў 50-я гады курорт Лянкяран спрабаваў супраціўляцца лёсу, але ўсё-ткі цалкам прыйшоў у заняпад у 2010 годзе. Праз 8 гадоў на яго месцы ўзвялі новы сучасны комплекс. Ён раскошны, дарагі і — не папулярны. У дзень, калі гэты санаторый наведала здымачная група Мейдан-ТВ, у гулкіх калідорах будынка ёй удалося сустрэць толькі аднаго пастаяльца. Гэта нядзіўна — адна ноч у санаторыі абыходзіцца у больш як 100 долараў, прычым сума не ўключае кошт тэрмальнай ванны.
Але мясцовыя прадпрымальнікі вырашылі, што "жывая вада" павінна быць даступнай для ўсіх, і адкрылі бюджэтную версію спа-курорта. Абслугоўванне тут у дзясяткі разоў таннейшае, чым у раскошным комплексе непадалёк.
Пра тое, за што мясцовыя жыхары любяць азербайджанскія тэрмальныя крыніцы, чытайце ў матэрыяле Мейдан-ТВ: “Дорогие и дешевые термальные воды в Лянкяране”.
Малдова: не для ўсіх даступны адпачынак
У Малдове ахвотных падлячыцца ў санаторыях шмат, але далёка не ўсе могуць сабе гэта дазволіць. Санаторыі тут, як і ў савецкія гады, існуюць дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню. І гэтак жа, як раней, тут дзейнічае сістэма бясплатных пуцёвак. Гэта значыць, дзяржава спрабуе забяспечыць сваім грамадзянам даступны адпачынак, але ўдаецца гэта не заўсёды — некаторым людзям даводзіцца гадамі чакаць сваёй чаргі на лячэбныя працэдуры. Па назіраннях журналістаў газеты ZdG, платныя пуцёўкі часцей за ўсё купляюць замежнікі і малдаване, якія даўно пераехалі за мяжу.
Пра тое, што былыя савецкія санаторыі прапануюць адпачывальнікам у Малдове, чытайце ў матэрыяле Ziarul de Gardă: “Высокий спрос, непосильные цены”.
Латвія, Літва і Эстонія: настальгія як залог поспеху
Нават такая непрадукцыйная эмоцыя, як настальгія па савецкім мінулым, можа аказацца эканамічна выгаднай — гэта даказвае санаторый "Беларусь" у Літве. Многія госці "Беларусі" прыязджаюць сюды па старой памяці, прычым не толькі самі былыя савецкія працоўныя, але і іх дзеці і ўнукі.
Санаторый "Беларусь" — па-сапраўднаму паспяховае прадпрыемства. Нават па еўрапейскіх мерках яго можна назваць буйным падаткаплацельшчыкам. "Беларусь" належыць беларускай дзяржаве. Гэта не адзіны санаторый ва ўласнасці ў трэціх краін. Напрыклад, "Бурштынавы бераг," размешчаны ў латвійскім горадзе Юрмала, належыць Расіі, прычым судовая справа за яго паміж дзвюма краінамі цягнулася да 2013 года.
Пра тое, як змаглі адрадзіцца былыя савецкія санаторыі ў Літве, Латвіі і Эстоніі, чытайце ў матэрыяле “Новой газеты-Балтия”: “Отдых по-советски”.
Над матэрыялам у рамках Медиасети працавалі: Дзмітрый Аваліяні, Кацярына Аляксандр, Вольга Булат, Манана Вардыяшвілі, Марыя Епіфанава, Ігар Іанэску, Алег Кофман, Яна Ляшковіч, Дзіяна Петрыяшвілі, Давід Піпія, Андрэс Путынг, Сеўда Самедава, Марыя Спірыдонава, Карына Шарамет.