Чаму "Голас" лічыць, што Ціханоўская перамагла Лукашэнку ў першым туры
Бюлетэнь на выбарах 2020 года / blizko.by
"Голас" прадставіў вынікі даследавання, згодна з якім на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе Святлана Ціханоўская сабрала 3 млн галасоў (56%). За Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 1,8 млн чалавек. Яшчэ 0,5 млн выбралі іншых кандыдатаў ці прагаласавалі супраць усіх.
Яўка на выбары склала 78%, або 5,4 млн выбаршчыкаў. Па звестках ініцыятывы, такія вынікі яны атрымалі з дапамогай 900 тысяч чалавек, якія паведамілі пра свой выбар платформе "Голас". Таксама вывучаныя 1517 афіцыйных пратаколаў, адзначаецца ў даследаванні.
— Частковая інфармацыя на "Голасе" атрыманая непасрэдна ад выбаршчыкаў па 5696 участках (з 5767 усяго). Поўныя звесткі сабраны толькі па частцы ўчасткаў: 1545 пратаколаў УВК было сфатаграфавана, сабрана і аблічбавана дзякуючы zubr.in і ініцыятыве "Сумленныя людзі", уключаючы 1517 афіцыйных пратаколаў участкаў з тэрыторыі Беларусі. Дзякуючы сумяшчэнню гэтай інфармацыі ўдалося аднавіць сапраўдныя вынікі выбараў, — гаворыцца ў даследаванні.
Таксама падкрэсліваецца, што "характар размеркавання звестак пратаколаў ("струны") паказвае на тое, што яны падтасаваныя ўручную", а дакладных вынікаў выбараў не ведае нават ЦВК. Бо звесткі падрабляліся на ўзроўні мясцовых выбарчых камісій.
Паводле інфармацыі ЦВК, Святлана Ціханоўская набрала на выбарах 9 жніўня 2020 года 9,9% галасоў, а Аляксандр Лукашэнка — 80,23%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.