Чаму выпусцілі патрыётаў?

Чаму выпусцілі патрыётаў?

30 чэрвеня пасля трох месяцаў і 10 дзён за кратамі на волю выйшаў апошні фігурант "справы патрыётаў" Міраслаў Лазоўскі. Крымінальная справа колішняга лідара "Белага легіёна" не закрытая, і абвінавачванні ў стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання не знятыя ні з яго, ні з іншых вязняў-патрыётаў. Тым не менш, за апошнія тры дні з-за кратаў выйшлі 11 чалавек, і гэта, відавочна, не выпадковасць.

Навошта ўвогуле ўлады распачыналі "справу патрыётаў"?

Крымінальнай "справе "Белага легіёна" (яе таксама называюць "справай патрыётаў") папярэднічала заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што "ў лесе пад Асіповічамі" выкрыты лагер для падрыхтоўкі баевікоў. Затрыманні пачаліся ўвечары 21 сакавіка. Першымі за кратамі апынуліся колішні лідар "Белага легіёна" Міраслаў Лазоўскі, гандляр кнігамі Алесь Яўдаха, супрацоўнік МНС Андрэй Дундукоў. Цягам некалькіх дзён былі затрыманыя больш за 20 чалавек. 

Чаму выпусцілі патрыётаў?

"Задачы, якія рэжым планаваў вырашыць "справай патрыётаў", выкананыя, — лічыць палітолаг Юрый Чавусаў. — Задачы гэтыя палягалі ў сферы прапаганды і былі накіраваныя на карэкцыю грамадскай думкі ўнутры краіны. Справа распачыналася ў сакавіку 2017 года, у час, калі краіна была ахопленая сацыяльна-эканамічнымі пратэстамі. Яны дасягнулі такога ўзроўню, што ўлады вярнуліся да старых рэпрэсіўных практык: сотні арыштаваных, разагнаныя дэманстрацыі і апафеоз — "Дзень волі" 25 сакавіка, калі апазіцыйная акцыя фактычна не адбылася, а адбылася брутальная спецаперацыя сілавікоў у цэнтры Мінска.

Каб скарэктаваць імідж сваіх праваахоўных органаў, улады і ініцыявалі гэтую палітычна інспіраваную справу. Газеты выходзілі з загалоўкамі аб прадухіленні дзяржаўнага перавароту, а па тэлебачанні паказвалі паклёпніцкія "страшылкі", ад якіх беларускі глядач ужо паспеў адвыкнуць. Дзяржава папросту адводзіла абурэнне грамадскасці ад сваіх праваахоўных структураў, якія ў той час займаліся задушэннем пратэстаў".

"Хачу нагадаць, што затрыманні [патрыётаў] адбыліся тады, калі Беларусь дэ факта знаходзілася ў цяжкім эканамічным становішчы. Нафтагазавае пытанне з Расіяй яшчэ не было вырашана, — прыгадвае палітолаг Алесь Лагвінец. — Таму "справа патрыётаў" была відавочным сігналам Маскве".

Патрыётаў выпускаюць да парада на Дзень незалежнасці?

Чаму "амністыя" па "справе патрыётаў" здарылася менавіта на гэтым тыдні? У сацсетках жартуюць, што Лазоўскі і кампанія паўдзельнічюць у парадзе на Дзень незалежнасці замест расійскіх дэсантнікаў, якіх сёлета ў Мінску не будзе. Але палітолагі, не схільныя да жартаў, звязваюць вызваленне з іншай падзеяй, якая таксама адбудзецца ў Мінску на наступным тыдні: сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Чаму выпусцілі патрыётаў?

"Сувязь тут наўпроставая, — мяркуе Алесь Лагвінец. — Справа "Белага легіёна", відавочна, высмактаная з пальца і развальваецца на кавалкі. І таму, каб прадухіліць магчымыя пратэсты падчас сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, улады вызвалілі вязняў. Тым больш, што па ранейшым досведзе, "пакетнае" вызваленне адбываецца менавіта тады, калі ўладам трэба спадабацца на захадзе. Людзі, якія больш за тры месяцы прасядзелі за кратамі, папросту былі закладнікамі. А зараз адбылося такое вызваленне, каб паставіць птушачку: вось, глядзіце, мы зрабілі крок наперад".

 

"Пратэсты суцішыліся, і крымінальная "справа патрыётаў" стала перашкаджаць уладам на знешнепалітычнай арэне. Вядома, Еўрасаюз не спыніў супрацоўніцтва з Беларуссю, але ж кіраўнікі еўрапейскіх краінаў, як кажуць, выказвалі заклапочанасць, — працягвае Юрый Чавусаў. — У выніку абвінавачанні ў падрыхтоўцы баевікоў да масавых беспарадкаў знятыя з усіх фігурантаў справы. То бок, абвінавачанні, якія на першых старонках друкавалі дзяржаўныя газеты, былі хлуслівымі?"

Чаго беларускія ўлады хочуць ад Еўропы?

Мінск давядзе да канца гульню, якую пачаў тры месяцы таму. Казаць, што вызваленнем патрыётаў ва ўлады атрымаецца ўвогуле нівеліраваць усе магчымыя знешнепалітычныя наступствы справы, пакуль рана. Але Еўропа, відавочна, прывітае вызваленне палітычных вязняў, як яна гэта рабіла і раней. Такога меркавання прытрымліваецца палітолаг Андрэй Казакевіч, дадаючы, што вызваленне Лазоўскага не пераследуе канкрэтнай мэты:

"Гэта крок не столькі каб нечага новага дамагчыся, а, хутчэй, каб не ствараць дадатковых перашкодаў для добрай дынамікі, якая з'явілася ў беларуска-еўрапейскіх стасунках", — лічыць Андрэй Казакевіч.

Чаму выпусцілі патрыётаў?
Андрэй Казакевіч. Фота: Еўрарадыё

"Справа патрыётаў" была прэвентыўным псіхалагічным дзеяннем, накіраваным супраць радыкалізацыі, — працягвае палітолаг. — Каб прадэманстраваць тым, хто адчуў магчымасць мабілізацыі насельніцтва, што ўлада гатовая "адказваць", і нейкай вольніцы не будзе. І гэтае псіхалагічнае дзеянне мела эфект. А знешнепалітычныя страты былі мінімальныя — беларускія ўлады здолелі захаваць твар у стасунках з Еўропай".

Спадар Казакевіч мяркуе, што "справа патрыётаў" не будзе спыненая і ў выніку дойдзе да суда. Але жорсткіх прысудаў не будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі