Чэргаў па валюту няма, валюты таксама
Камісійны збор за набыццё валюты адмянілі, але ў абменнікі яе так і не завезлі.
Нацбанк у тры этапы адмяняе камісійны збор на пакупку валюты фізічнымі асобамі. За 21 дзень пасля ўвядзення "пошліны" курс долара вырас на 26,3%: з 10 890 рублёў да 13760 рублёў за долар.
Раніцай 9 снежня ў абменніках з’явіліся новыя курсы пакупкі-продажу замежных валют, яны адрозніваюцца ад афіцыйных каціровак на 2%.
У абменніку “Белаграпрамбанка” курсы продажы долара і еўра роўныя 14035 і 16550 рублёў адпаведна. Курсы пакупкі — 13600 рублёў за долар ды 15900 за еўра.
“500 долараў мы Вам знойдзем, а вось еўра столькі не будзе”, — кажуць мне дзяўчаты ў абменніку.
Яшчэ 190 долараў знаходзім у абменніку “Белсвісбанка”, што на вуліцы Леніна ў Мінску. Супрацоўніца кажа, што яны працуюць толькі з абароту — тое, што прынеслі людзі, банк і прадае. Большую суму валюты трэба пачакаць.
“Навагоднія святы былі, і людзі неслі ў абменнік грошы. Цяпер таксама здаюць, можна назбіраць”, — абнадзейвае касірка. Але ля яе абменніка чэргаў няма і чакаць на вуліцы, пакуль нехта здасць долары ў завіруху, не асабліва прыемна.
Пустая каса і ў абменніку “Беларусбанка”, што ў сталічным ГУМе. Людзей ля касы няма і там.
“Ёсць сем долараў, 100 з нечым еўра. Калі нехта прынясе, будуць долары – мы з абарота працуем”, — кажа касірка.
А вось абменны пункт “Беларусбанка” на праспекце Дзяржынскага прапаноўвае 400 еўра! Яшчэ ў адным абменніку “Беларусбанка”, што ва Уруччы, мне прапаноўваюць 50 долараў.
“На дадзены момант ёсць 50 долараў. Але іх адразу набываюць, прыходзяць аплачваць, пытаюць, ці ёсць валюта і адразу набываюць”.
Удача чакала і ў невялічкім абменнічку “Беларусбанка”, што ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”.
Перада мной 300 долараў набывае жанчына. Наступнай засталося 80 долараў, але адна паперка пацёртая, і яна застаецца ў касе банка.
“У мяне ёсць 100 долараў, але тут нехта пячатку паставіў. Калі будзеце здаваць у нашым банку — яе прымуць. У іншых банках — не ведаем, ці забяруць”, — прапаноўвае мне і яшчэ аднаму кліенту банкноту касірка. Але на “сотку” ніхто не спакусіўся.
Дарэчы, ні банкі, ні Нацбанк не ведаюць, ці будзе ў бліжэйшы час вырашаная праблема з наяўнасцю валюты ў абменніках і ці будзе знятае абмежаванне Нацбанка на працу абменных пунктаў толькі з абароту.