Чэшская рэспубліка зменіць афіцыйную назву і стане проста Чэхіяй

Чэшская рэспубліка зменіць афіцыйную назву і стане проста Чэхіяй

Чэшскія ўлады заявілі пра гатоўнасць спрасціць назву краіны і ўвесці ва ўжытак назву “Чэхія”.

Цяперашняя назва “Чэшская рэспубліка” таксама застанецца афіцыйнай назвай, аднак, па думку кіраўніцтва краіны, скарочаны варыянт будзе прасцей выкарыстоўваць пры маркіроўцы тавараў і на спартовых спаборніцтвах.

Такім чынам, “Чэхія” можа стаць афіцыйнай кароткай геаграфічнай назвай, як “Францыя” замест “Французская рэспубліка” або “Расія” замест “Расійская Федэрацыя”.

Калі ініцыятыву ўхваліць парламент, назву прадставяць для ўнясення ў адпаведную базу ААН.

Чэшская рэспубліка ўтварылася пасля падзелу Чэхаславакіі на дзве дзяржавы ў 1993 годзе.  Многія з найбуйнейшых экспарцёраў краіны, напрыклад, брэнд Pilsner Urquell, выкарыстоўваюць толькі адно слова пры маркіроўцы прадукцыі — Czech.

Аднак у англійскай мове Czech — гэта прыметнік, таму не можа выкарыстоўвацца ў якасці афіцыйнай назвы краіны.

Ініцыятывай уладаў задаволеныя не ўсе: некаторыя лічаць назву “Чэхія” немілагучнай, а таксама мяркуюць, што ў англійскай мове яе можна зблытаць з Чачнёй, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі