Член выбарчай камісіі: За Караткевіч прагаласавалі 587, а ёй напісалі 80 (фота)
У рэдакцыю Еўрарадыё паступаюць усё новыя сігналы пра падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. На гэты раз загаварыла… член адной з выбарчых камісій Віцебска. Для таго, каб не сапсаваць чалавеку лёс, не будзем падаваць яе імя і пазначаць нумар выбарчага ўчастка (гэта інфармацыя ў рэдакцыі маецца).
Крыніца папярэджвае, што не мае апазіцыйнай рэпутацыі. Наадварот, яе запрасілі працаваць на выбары як адказнага прадстаўніка ад свайго прадпрыемства.
Але выніковы падлік галасоў члена выбарчай камісіі не проста абурыў, а агаломшыў.
“У камісіі былі прадстаўнікі нашага прадпрыемства і настаўніцы са школы, дзе мясціўся ўчастак. Дык вось, у дзень галасавання прыступілі да выніковых падлікаў. Усе сябры камісіі чулі пра тое, як за каго прагаласавалі. Адпаведныя лічбы былі пазначаны на стосах з бюлетэнямі”, — апісвае сітуацыю крыніца і дэманструе фота з бюлетэнямі.
“І вось складаюць выніковы пратакол, паказваюць нам адваротны бок аркуша і кажуць распісацца, — працягвае жанчына. — Усе падпісваюць і асабліва не глядзяць, што пазначана на адваротным баку аркуша. Я пераварочваю і бачу: за Караткевіч усяго 80 галасоў, а не 587! Вы ўяўляеце?! Калі я падчас падпісвання выніковага пратакола спрабавала нешта пярэчыць, мне сказалі, што калі я агучу гэту інфармацыю, то пазбаўлюся працы і атрымаю безліч іншых праблем”, — завяршае аповед крыніца.