Ці прадугледжвае мінскае пагадненне перадачу Данецкага аэрапорта “ДНР”?

Цалкам размову з паслом па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрыем Кулебам можна паслухаць:

Баі ў Данецкім аэрапорце і вызваленне асобных аб’ектаў на яго тэрыторыі ўкраінскай арміяй выклікала нечаканую рэакцыю з боку расійскага МЗС. Вечарам 18 студзеня на яго сайце з’явілася заява, у якой расійскі бок абвінавачвае Кіеў у зрыве выканання “мінскіх пагадненняў”.

“Аэрапорт горада Данецк у адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі павінен быць перададзены пад кантроль  апалчэнцаў”, — гаворыцца ў заяве.

Прычым расійскае МЗС сцвярджае, што ўкраінскія вайскоўцы змагаюцца за аэрапорт для таго, каб адтуль “працягваць абстрэлы жылых раёнаў Данецка”.

У той жа дзень спікер АТА Андрэй Лысенка ў зрыве “мінскіх дамоўленасцяў” абвінавачвае баевікоў.

“Калі ў апошнія некалькі дзён стала зразумела, што баевікі не збіраюцца прытрымлівацца мінскіх пагадненняў, было прынятае рашэнне, у прыватнасці, аб тым, каб вызваліць тую частку тэрыторыі Данецкага аэрапорта, якую занялі баевікі”, — заявіў ён.

                          Андрэй Лысенка

Складанасць сітуацыі ў тым, што поўны тэкст “мінскіх дамоўленасцяў” не публікаваўся. Няўжо там сапраўды ёсць асобны пункт, у адпаведнасці з якім Данецкі аэрапорт павінен быць перададзены пад кантроль так званага ДНР, цікавіцца Еўрарадыё ў пасла па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрыя Кулебы.

Дзмітрый Кулеба: Мінскія дамоўленасці неабходна разглядаць комплексна, а не так, што тут мы робім, а тут не робім. Вырыванне любога аднаго, не канкрэтна гэтага, а любога палажэння з мінскіх дамоўленасцяў з’яўляецца не больш чым маніпуляцыяй. Спроба фіксаваць увагу на нейкіх штучных патрабаваннях па аэрапорце — гэта спроба адвесці ўвагу людзей і разуменне сітуацыі ў іншы бок. МЗС Украіны хацела б прыцягнуць увагу да іншага моманту: з 13 лістапада 2014 года прадстаўнікі Украіны і Расіі падпісалі працоўны дакумент з дакладным графікам выканання ўсіх палажэнняў Мінскага мемарандуму. У тым ліку размова там ішла аб забеспячэнні двухбаковага спынення агню, аб адводзе цяжкага ўзбраення, аб лініі размежавання паміж бакамі. А потым расійскі бок адклікаў свой подпіс з-пад гэтага дакумента. І пачаў гуляцца асобнымі палажэннямі Мінскага мемарандума. Мы ўчора афіцыйна звярнуліся да Расіі з прапановай вярнуцца да гэтага графіка, падпісаць яго і з сённяшняга дня спыніць любыя ваенныя дзеянні ды заняцца выкананнем Мінскага мемарандума. Абстрэльваецца ж не толькі Данецкі аэрапорт — украінскія пазіцыя падвяргаюцца артылерыйскаму, мінамётнаму і стралковаму абстрэлу і на іншых участках лініі размежавання. І вырыванне пытання Данецкага аэрапорта — акурат спроба адцягнуць увагу ад усяго комплексу абавязанняў, зафіксаваных мінскімі дамоўленасцямі.

                              Дзмітрый Кулеба

Еўрарадыё: Але чаму не выконваць тыя дамоўленасці пакрокава: украінскія вайскоўцы пакідаюць аэрапорт, калі гэта прадугледжваецца дамоўленасцямі, потым супрацьлеглы бок робіць нешта, у тых дамоўленасцях прадугледжанае?

Дзмітрый Кулеба: Усё прадугледжанае мінскімі дамоўленасцямі павіннае выконвацца адначасова. Я хачу нагадаць, што пасля падпісання гэтых дамоўленасцяў тэрарысты, якіх падтрымлівае Расія, павінны былі пакінуць шэраг вёсак, каб усталяваць эфектыўную лінію размежавання. Яны іх не пакінулі. Расійскі бок высунуў аргумент, чаму не можа забяспечыць выканання гэтых палажэнняў: там эмацыйныя, маўляў, прычыны — у гэтых вёсках знаходзяцца сем’і баевікоў, і тыя за іх баяцца. Але ж мы не ходзім і не настойваем выключна на вызваленні гэтых вёсак — мы патрабуем агульнага выканання мінскіх дамоўленасцяў. Мы не вырываем нейкае адно палажэнне і не пачынаем праводзіць вакол яго агрэсіўную інфармацыйную ці палітычную кампанію. Калі мы скажам, што гэта мы будзем рабіць, гэтага не будзем, а з гэтым потым разбяромся, то ўрэгулявання не будзе. Сітуацыя складаная, комплексная, і толькі цэлы комплекс мер дапаможа нам дасягнуць неабходнага выніку.

Еўрарадыё: Ці адказаў нешта расійскі бок на ваш учорашні зварот?

Дзмітрый Кулеба: Ніякага афіцыйнага адказу да гэтага часу няма.

Еўрарадыё: На фоне гэтых заяў і зваротаў наколькі імавернае аднаўленне перамоў па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе ці то ў “нармандскім”, ці то ў “мінскім” фармаце?

Дзмітрый Кулеба: Перамовы не спыняліся, і таму пра аднаўленне не зусім карэктна казаць. Мы пацвярджаем сваё жаданне мірнага ўрэгулявання канфлікту. І мы гатовыя разам з нашымі міжнароднымі партнёрамі зрабіць усё, каб і тэрарысты, і Расійская Федэрацыя таксама змянілі свой агрэсіўны настрой і са шляху эскалацыі перайшлі на іншыя рэйкі. Калі нам зараз прыйдзе прапанова працягнуць перамовы з мэтай дасягнення канкрэтнага выніку, мы з задавальненнем яе падтрымаем. І я ўпэўнены, што кіраўніцтва будзе гатовае змяніць свае ўжо спланаваныя графікі. Бо цяпер самае галоўнае — вынік, і мы да мірнага дасягнення гэтага выніку гатовыя.

Нагадаю, меркавалася, што чарговая сустрэча ў Мінску кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе пройдзе 16 студзеня. Прадстаўнікі самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" Уладзіслаў Дэйнега і Дзяніс Пушылін нават адмыслова прыбылі ў Мінск, але так і не дачакаліся дэлегацыі з Кіева. Па словах Леаніда Кучмы, экс-прэзідэнта Украіны і прадстаўніка Кіева на сустрэчах кантактнай групы ў Мінску, перамовы маюць сэнс толькі з лідарамі самаабвешчаных рэспублік (Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім). І яны запрашэнні атрымалі, аднак у беларускую сталіцу прыслалі іншых асобаў.

Усяго кантактная група збіралася ў Мінску тройчы, але ніводнае з падпісаных падчас сустрэч пагадненняў так і не было выкананае. 

Фота: Змітра Лукашука, з архіву Дзмітрыя Кулебы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі