Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам ПАСЕ трыбунал супраць Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская ў Страсбургу / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская ў Страсбургу / t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская завяршыла візіт у Страсбург, паведамляе яе прэс-служба.

Падчас візіту Ціханоўская выступіла на Сусветным Форуме за дэмакратыю, які арганізаваў Савет Еўропы. У форуме прымалі ўдзел прадстаўнікі больш як 100 краін свету. Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы Тайні Коксам і генеральнай сакратаркай Савета Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч.

Таксама Ціханоўская прыняла ўдзел у запуску Кантактнай групы Савета Еўропы па адносінах з Беларуссю. Генсакратар Савета Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч падкрэсліла, што Савет прынцыпова падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. "Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне: ні адна іншая міжнародная арганізацыя не стварала інстытуцыйных адносін такога кшталту", — дадала яна.

Падчас сустрэчы з прэзідэнтам ПАСЕ Ціханоўская абмеркавала магчымасць запрашаць прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый і груп на пасяджэнне ПАСЕ ў статусе назіральнікаў. Таксама абмяркоўвалася магчымасць стварэння трыбунала супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягоных памагатых. Ішла гаворка і пра аналіз Венецыянскай камісіяй праекта Канстытуцыі, які распрацавалі дэмакратычныя сілы.

На сустрэчы з мэрам Страсбурга Ціханоўская абмеркавала магчымасць правядзення ў горадзе беларускіх мерапрыемстваў. З улікам таго, што ЮНЕСКА надала Страсбургу статус сусветнай сталіцы кнігі ў 2024 годзе, абмяркоўвалася магчымасць запрашаць беларускіх выдаўцоў і аўтараў у гэты горад.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі