Ціханоўская пракаментавала анансаваны завочны суд над ёй у Беларусі
Святлана Ціханоўская / Reuters
Святлана Ціханоўская пракаментавала анансаваныя ў Беларусі завочныя суды над ёй і іншымі дзеячамі дэмакратычнага руху. "Мы сталі прывыкаць да пастаянных абвінавачванняў, крымінальных справаў, статусаў "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", — піша яна. — ...У мяне іх набралася ўжо 10, у Паўла Латушкі — 8, у Вольгі Кавальковай — 5, у Марыі Мароз — 4".
"Што я магу сказаць пра гэта? — працягвае Ціханоўская. — Я толькі хачу падтрымаць усіх людзей, якія апынуліся ў гэтых спісах. Дзякуй вам усім за вашую працу. Дзякуй за тое, што мы разам. Дзякуй за тое, што вас не зламаць. Кожны, каго пераследаваў ці пераследуе рэжым, — памятайце: вы сапраўдныя героі Беларусі".
Святлана Ціханоўская ўпэўненая, што "аднойчы ўсе гэтыя прыдуманыя крымінальныя справы будуць адмененыя", а "гонар і сумленне — гэта тое, што застаецца назаўжды".
20 кастрычніка Следчы камітэт Беларусі пачаў працэс "спецыяльнай вытворчасці" ў дачыненні да прадстаўнікоў Кардынацыйнай рады. Акрамя Ціханоўскай, Латушкі, Кавальковай і Мароз у спіс трапіў таксама Сяргей Дылеўскі. Усе названыя асобы знаходзяцца за мяжой, таму ў РБ іх збіраюцца судзіць завочна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.