Ціханоўская прапанавала арганізаваць у Вільні дадатковыя класы беларускай мовы
Падчас сустрэчы з мэрам Вільні
Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская правяла перамовы з новым мэрам Вільні Валдасам Бенкунскасам. Яна падзякавала за падтрымку беларусаў, што цяпер пражываюць у літоўскай сталіцы. Ціханоўская папрасіла мэра падтрымліваць беларускія грамадскія прасторы, якія ўжо працуюць у горадзе: беларусам важна не губляць сувязь з радзімай і захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Святлана Ціханоўская прапанавала арганізаваць дадатковыя класы беларускай мовы на базе гарадскіх школ, а таксама правесці сустрэчу з актывам бацькоў беларускіх дзяцей у Вільні.
Асобна была абмеркаваная падтрымка беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Раней Офіс Святланы Ціханоўскай і АПКБ даставілі байцам груз нелетальнай дапамогі пры падтрымцы менавіта віленскай мэрыі.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская перадала мэру шэраг просьбаў ад беларускіх вернікаў Вільні, паведамляе яе прэс-служба.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.