CNN прабачыўся за ўключэнне манумента "Мужнасць" у спіс выродлівых помнікаў

Адпаведнае паведамленне тэлеканал дадаў у скандальны матэрыял 6 лютага.



Спіс з 11 "самых выродлівых помнікаў" з'явіўся на сайце тэлеканала CNN 23 студзеня. Манумент "Мужнасць" з комплексу "Брэсцкая крэпасць" у спісе значыцца пад нумарам 2, адзначае БелаПАН.



Аднак 6 лютага перад артыкулам з'явілася паведамленне ад імя рэдакцыі: "Мы разумеем, што ўключэнне Брэсцкай крэпасці-героя аўтарам у гэты артыкул абразіла пачуцці людзей у Беларусі. Гэта было ненаўмысна, і мы прыносім прабачэнні. Аўтар артыкула меў намер зрабіць гумарыстычны агляд манументальнай архітэктуры па ўсім свеце. CNN прызнае, што гэты помнік мае святое значэнне для тых многіх людзей, якія шануюць ахвярнасць салдат".



У каментары аўтара да фатаграфіі помніка першапачаткова было сказана, што мужнасць патрабуецца для таго, каб паглядзець на гэта бетонны малюнак воіна, які выглядае ці то вельмі раз'юшаным, ці то "мае праблемы з кішэчнікам".



Пасля таго як рэдакцыя тэлеканала прынесла свае прабачэнні, змяніўся і подпіс пад фатаграфіяй беларускага манумента. З каментара зніклі найбольш рэзкія фрагменты, а пад аўтарскім апісаннем з'явілася фраза пра тое, што манумент "можа не быць прыгожым, але ніхто не адмаўляе яго маштаб і значэнне".



Фота — juchkov.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі