"Да канца не верыў, што я выйду" — першыя каментары Аляксандра Івуліна на волі

Аляксандр Івулін / Facebook.com
Аляксандр Івулін / Facebook.com

Блогер, журналіст і футбаліст Аляксандр Івулін прызнаецца, што да апошняга не верыў, што выйдзе на волю. З Івуліным пагутарылі праваабаронцы.

Надоечы стала вядома, што ён цалкам адбыў тэрмін, які яму прызначыў суд, і вызваліўся. Журналіста абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах (арт. 342 КК РБ "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Яго асудзілі на 2 гады калоніі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. У зняволенні Івулін з ліпеня 2021 года.

"Я думаў на сутках нават, што мяне палохаюць. За што мяне "закрываць"? Было разуменне, што я нічога не зрабіў. Вы рэальна будзеце за фотку даваць калонію? Думаў, папалохалі — і ўсё", — кажа журналіст. Апошнія месяцы перад вызваленнем, паводле яго слоў, былі вельмі напружаныя. "За пару дзён да гэтага наогул не спаў. У дзень, калі я павінен быў выйсці, падыходзіць хлопец і пытаецца: "Ты вату занёс?" Вата — гэта матрац, які ты здаеш, калі вызваляешся. Патэлефанавалі і выклікалі на КП", — расказвае ён.

Калі ляцеў у Грузію, глядзеў на горы, а думаў пра васількі. "І так сумна стала. Але я разумею, што галоўны капітал, які я змог назапасіць да сваёй трыццаткі, — гэта людзі. Гэта ўсё, што ў мяне ёсць", — прызнаўся Аляксандр Івулін. Напярэдадні стала вядома, што Аляксандр Івулін пакінуў Беларусь, яму дапамаглі перабрацца ў Грузію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі