Да звольненага настаўніка гісторыі са Смаргоні прыйшлі сілавікі
Андрэй Пятроўскі / uosm.ucoz.ru
Да настаўніка гісторыі з Смаргоні Андрэя Пятроўскага, якога днямі звольнілі з гімназіі за аповед пра бел-чырвона-белы сцяг, прыйшлі сілавікі, паведамляе TUT.BY са спасылкай на педагога.
Пытанні да яго ўзніклі ў сувязі з "распальваннем сацыяльнай варожасці", патлумачылі педагогу прадстаўнікі праваахоўных органаў. Яны правялі агляд і канфіскавалі ў настаўніка старэнькі ноўтбук, планшэт, флэшкі і ягоны смартфон. На руках у іх была санкцыя пракурора.
Наколькі зразумеў настаўнік, крымінальнай справы ў дачыненні да яго пакуль няма, ідзе праверка.
46-гадовы Андрэй Пятроўскі застаўся без працы пасля таго, як расказаў на ўроку грамадазнаўства ў 11-м класе пра бел-чырвона-белы сцяг. Тэмай урока былі міжнародныя адносіны. Дзеці задавалі пытанні, у тым ліку і пра сцяг, настаўнік адказваў.
"Многія не ведаюць нават, што ў нас некалі былі іншыя сімвалы. Дзеці пытаюцца, дык мне што, не адказваць?" — тлумачыў журналістам пасля звальнення Пятроўскі.
Адзін з вучняў — сын мясцовай чыноўніцы — запісаў тое, што было на ўроку, і выклаў запіс у "сямейны чат". Пасля гэтага ў настаўніка пачаліся праблемы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.