ДАІ: Дазволеную хуткасць аўтамабіля ў дварах змяняць ніхто не збіраецца
“Шэраг правапарушэнняў мае альтэрнатыву пакарання толькі паміж штрафам і адміністрацыйным арыштам, — прызнае кіраўнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей. — Напрыклад, дробнае хуліганства, паняцце якога не сфармулявана дакладна. Цяпер гэта “дзеянне, якое парушае грамадскі парадак”, а гэта вельмі шырока. Фактычна, нецэнзурнае слова, сказанае ў грамадскім месцы, можна разглядаць, як дробнае хуліганства. Таму і прапаноўваем папярэджанне, гэта дазволіць прымяняць закон у адпаведнасці з канкрэтнай сітуацыяй”.
Законапраект па лібералізацыі адміністратыўнай адказнасці можа быць падрыхтаваны ўжо вясной. Міністэрства ўнутраных спраў на сваім сайце праводзіць апытанне па дзевяці пазіцыях, дзе магчымыя змены.
Сярод прапановаў — дазволіць выносіць вуснае папярэджанне за распіванне піва ў грамадскім месцы, за забытыя дома правы на кіраванне аўтамабілем, нецэнзурную лаянку, знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, а таксама курэнне ў забароненых месцах, за пераход дарогі ў неналежным месцы.
“Вось гэтае спрашчэнне працы накіраванае на тое, каб не губляць службовы час на складанне пратаколаў па нязначных правапарушэннях. Замест дакументавання правапарушэння будзе выносіцца папярэджанне, якое нідзе фіксавацца не будзе. У нас жа няма так званай “палачнай сістэмы працы”, нам не даводзяць, колькі мусіць быць складзена пратаколаў”, — дадае Алег Каразей.
Самая гучная прапанова — зняцце адказнасці за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 кіламетраў за гадзіну. Аўтааматары, натуральна, абрадаваліся магчымасці беспакарана ездзіць па трасе, на якой абмежаванне 90 км/г, з хуткасцю 109 км/г. У той жа момант, пужае перспектыва дазволенага перасоўвання па горадзе з хуткасцю 79 км/г. А на дваравых тэрыторыях фактычнае абмежаванне хуткасці ўвогуле стане 39 км/г.
“Дазволеную хуткасць у дварах ніхто не збіраецца змяняць, — запэўнівае мяне намеснік кіраўніка аддзела навукова-метадычнага і прававога забеспячэння УДАІ МУС Аляксандр Занімон. — Яна застанецца на ўзроўні 20 км/г. Улічваючы, як застаўленыя нашы двары, не думаю, што ўвогуле ёсць магчымасць развіць большую хуткасць. Можна прапісаць, маўляў, гэта дзейнічае на гэтай тэрыторыі, а гэта — на гэтай”.
За студзень-верасень 2015-га года ў Беларусі зарэгістравана 2,7 мільёна адміністрацыйных правапарушэнняў, па якіх прысуджаныя штрафы. За перавышэнне хуткасці руху аформлена больш за мільён спагнанняў, за распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы — 261 тысяча, за дробнае хуліганства — 81 тысяча.
“Апытанне працягнецца яшчэ два-тры тыдні. Да 1-га сакавіка апрацуем інфармацыю і прадставім яе міністру ўнутраных спраў, — кажа прэс-сакратар міністэрства Канстанцін Шалькевіч. — У лепшым выпадку, змены могуць адбыцца падчас восеньскай сесіі, але рэальна гэта будзе наступны год”.
За амаль тыдзень на сайце МУС прагаласавала больш за 50 тысяч грамадзян.
Вынікі апытання паказаныя на момант напісання матэрыялу