“Дапамога ад Ціханоўскай — некалькі банак тушонкі”: вайна вачыма добраахвотніка
З першых дзён вайны за Украіну змагаецца беларускі добраахвотніцкі батальён імя Кастуся Каліноўскага. Пазней утварылася яшчэ адно асобнае беларускае падраздзяленне — полк “Пагоня”, у склад якога ўвайшоў беларускі рэстаратар Вадзім Пракоп’еў.
Што гэта за полк такі і чым “пракоп’еўцы” адрозніваюцца ад “каліноўцаў”?
— Калі я не памыляюся, хлопцы з гэтага палка яшчэ ні разу не стралялі, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Павел Кулажанка, добраахвотнік з батальёна імя Кастуся Каліноўскага, датычны да “справы аб замаху на Лукашэнку”. — Па-другое, зваць “палком” пятнаццаць чалавек — я не ведаю нават, як гэта назваць. Па-трэцяе, у іх няма інструктараў з баявым досведам. Трэба разумець, што вайна ва Украіне даволі спецыфічная. Калі ў вас ёсць ідэя заснаваць нейкі баявы атрад, то вам патрэбныя выключна інструктары з баявым досведам ва ўкраінскай вайне. Таму мне не цікава гаварыць аб гэтым так званым палку і аб нейкіх персанажах, звязаных з гэтым палком.
Свае меркаванні трэба праводзіць праз нейкія вынікі. Калі ёсць вынікі, ёсць удзел у абароне незалежнасці Украіны, у набыцці баявога досведу, то мяне цікавяць выключна такія людзі. То-бок наш батальён і шматлікія беларусы, якія зараз адзінкава далучыліся да складу розных атрадаў тэрабароны. Таксама сюды я б аднёс нашых беларускіх валанцёраў.
Пытаемся ў Паўла: як удаецца змагацца са страхам на вайне?
— Для мяне гэтае пытанне не стаіць, як і для вялікай колькасці беларусаў, якія таксама маюць нейкі досвед, — адказвае Павел Кулажанка. — Вораг ёсць вораг. Калі яго можна знішчыць, то яго трэба знішчаць. Страх — гэта такая істота, якую можна выкарыстаць сабе на кошт. Райцеся з тымі сябрамі, хто гэта ўжо ведае, хто перамагаў свой страх шмат разоў.
Страх заўсёды нараджаецца там, дзе ёсць нейкая адсутнасць інфармацыі, звестак. Таму перш за ўсё пашырайце свой кругагляд. Цвёрда бачце свае мэты. Калі вы цвёрда ведаеце, куды і навошта вы ідзяце, тады ніякага страху няма. Ёсць толькі мэта наперадзе, наперадзе ёсць вораг, якога трэба знішчыць. Вось і ўсё.
Ці ёсць у батальёне псіхолагі, якія дапамагаюць перажыць жудаснае відовішча мёртвых ворагаў і загінулых паплечнікаў?
— Такі момант прысутнічае для тых, хто яшчэ не бачыў трупаў. Я падчас службы ў віцебскім АМАПе бачыў шмат трупаў у розных становішчах. Так, гэта першапачатковы стрэс, і ў нас ёсць псіхолагі, якія могуць растлумачыць, як з гэтым змагацца. Але, на мой асабісты погляд, не трэба баяцца мёртвых людзей. Трэба баяцца жывых людзей, — падкрэслівае Павел.
Ці кантактуюць з батальёнам імя Кастуся Каліноўскага ўкраінскія ўлады і прадстаўнікі дэмакратычных плыняў з Беларусі?
— У нас вельмі добрыя кантакты з уладамі і кіраўніцтвам Украіны. Не буду казаць, менавіта з кім ці з якім шэрагам фігураў. Праз гэтыя кантакты мы атрымліваем шмат дапамогі. Трэба таксама ведаць, што дзякуючы тым беларусам, якія прымалі ўдзел у абароне Украіны яшчэ з 2014 года, зараз і стварыўся батальён імя Кастуся Каліноўскага, — адзначае Павел Кулажанка. — Наконт нашых так званых “дэмсіл” — я ведаю, што Ціханоўская некалькі банак тушонкі адаслала. Больш ніякай дапамогі ад яе мы не бачылі. Мы не спадзяёмся на гэтых дзеячоў. Мы спадзяёмся на нацыянальна арыентаваных беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.