Дар'я Домрачава выйграла гонку праследавання (відэа)
У славенскай Паклюцы праходзіць трэці этап Кубка свету па біятлоне.
Беларуска Дар'я Домрачава ў суботу выйграла гонку праследавання на 10 км на трэцім этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у Славеніі. Яе галоўнымі саперніцамі былі ўкраінка Валянціна Семярэнка і фінка Кайса Мякярайнен. Аднак Домрачава на трох агнявых рубяжах адстралялася без промахаў і толькі на апошнім аднойчы не патрапіла ў мішэнь.
Мякярайнен заняла другое месца, яна прайграла Домрачавай 10 секунд. Семярэнка скончыла гонку на трэцяй пазіцыі (адставанне — амаль 37 секунд).
Выдатна страляла і беларуска Надзея Скардзіна (ніводнага промаху!), якая ў выніку была 6-й! Ад Дашы яна адстала на 1 хвіліну 15 секундаў.
Надзея Пісарава заняла 27-е месца, у яе тры промахі і адставанне ад Домрачавай — 3 хвіліны 12 секундаў. Анастасія Дубарэзава з пяцю промахамі на агнявых рубяжах у выніку была 53-й.
Фота — ria.ru.