Дэпутат сейма спрабаваў прарвацца праз ачапленне і перадаць лекі мігрантам
Дэпутат польскага сейма Францішак Старчэўскі спрабуе даставіць мігрантам лекі / facebook.com/FranekSterczewski
Дэпутат польскага сейма Францішак Старчэўскі паспрабаваў прарвацца праз ачапленне на польска-беларускай мяжы і падысці да афганскіх мігрантаў, якія захраслі паміж краінамі. Больш за два тыдні іх не пускаюць ні ў Польшчу, ні назад у Беларусь.
Фота сваёй спробы з каментаром ён апублікаваў у Facebook.
Францішак Старчэўскі не згодны з пазіцыяй польскіх уладаў, што мігранты знаходзяцца на беларускай тэрыторыі. Ён мяркуе, што імправізаваны намётавы лагер вырас на тэрыторыі Польшчы.
У адваротным выпадку, кажа ён, памежнікі і паліцыянты, якія атачаюць лагер, "незаконна перасеклі б мяжу Беларусі".
"Таму я маю права туды падысці і кантраляваць сітуацыю", — напісаў дэпутат. Паводле яго слоў, у людзей, якія трапілі ў пастку, няма ні ежы, ні піцця. Яны вымушаныя піць ваду з канала, а "мінімум чатыры чалавекі маюць патрэбу ў неадкладнай медыцынскай дапамозе". Таму ён і зрабіў спробу даставіць мігрантам прадукты і лекі.
Але не змог. Яго спынілі.
Franciszek Sterczewski podjął się zadania niemożliwego do wykonania. Więcej dziś w programie. pic.twitter.com/G7uj9CRIZi
— Szkło Kontaktowe (@SzkKontaktowe) August 24, 2021
Старчэўскаму 33 гады. Ён архітэктар па адукацыі. Абіраўся ў сейм як беспартыйны па спісе Грамадзянскай кааліцыі.
Некалькі дзён таму ўлады Польшчы адправілі ў Беларусь гуманітарную дапамогу для афганскіх мігрантаў, якія захраслі на мяжы паміж краінамі. Папрасілі ў беларускага МЗС дазвол для перасячэння мяжы. У Варшаве лічаць, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У Мінску Польскі гуманітарны канвой назвалі "мультымедыяпрадстаўленнем" і сказалі, што, калі б Польшча сапраўды хацела дапамагчы ўцекачам, яна б забяспечыла іх усім неабходным яшчэ на сваёй тэрыторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.