Польшча адправіла гуманітарную дапамогу для мігрантаў, якія заселі на мяжы
На польска-беларускай мяжы захраслі каля 30 мігрантаў з Афганістана / Reuters
Польскія ўлады адправілі гуманітарную дапамогу для мігрантаў, якія захраслі на мяжы з Беларуссю, паведаміў кіраўнік канцылярыі кіраўніка польскага ўрада Міхал Дворчык.
"Са склада Дзяржаўнага агенцтва стратэгічных рэзерваў выехаў транспарт з гуманітарнай дапамогай (палаткі, палявыя ложкі, коўдры, сродкі асабістай гігіены) для мігрантаў на тэрыторыі Беларусі", — напісаў ён у Twitter.
Пры гэтым Дворчык удакладніў, што перадаць дапамогу мігрантам палякі змогуць толькі пасля таго, як беларускі бок дасць згоду на перасячэнне мяжы.
Ze składnicy #RARS wyjechał transport z pomocą humanitarną (namioty, koce, łóżka polowe, środki ochrony) dla imigrantów na terenie Białorusi. Pomoc zostanie przekazana po wydaniu zgody władz Białoruskich na przekroczenie granicy.@PremierRP @MSZ_RP @MSWiA_GOV_PL @Straz_Graniczna pic.twitter.com/QOf3RnNnFN
— Rządowa Agencja Rezerw Strategicznych (@RARS_GOV_PL) August 23, 2021
Пра рашэнне польскага боку накіраваць гуманітарную дапамогу стала вядома напярэдадні. Польскі МЗС даслаў у Мінск дыпламатычную ноту і заявіў пра гатоўнасць перадаць мігрантам усё неабходнае: "палаткі, ложкі, спальныя мяшкі, коўдры, піжамы, пасцельныя прыналежнасці і сродкі асабістай гігіены, а таксама пры неабходнасці прадукты харчавання і лекі".
Дапамога спатрэбілася групе мігрантаў — каля 30 чалавек, якія затрымаліся на польска-беларускай мяжы недалёка ад мястэчка Уснаж-Гурны ў Падляскім ваяводстве. Уцекачы з Афганістана спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу, але іх спынілі польскія памежнікі. Беларускія памежнікі са свайго боку не даюць ім магчымасці вярнуцца на тэрыторыю краіны.
Колькасць нелегальных мігрантаў, якіх сёлета сталі спыняць памежнікі Літвы, Латвіі і Польшчы, істотна вырасла. У гэтых краінах мяркуюць, што да ўзнікнення міграцыйнага крызісу датычныя беларускія ўлады. Была прынятая пастанова не пускаць мігрантаў, а адпраўляць у Беларусь. Пасля чаго Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад сваіх сілавых структур не ўпускаць мігрантаў назад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.