Польшча заявіла аб гатоўнасці дапамагчы мігрантам, якія заселі на мяжы
Каля 30 мігрантаў захраслі на польска-беларускай мяжы, іх не пускае на сваю тэрыторыю ні адзін, ні другі бок / Reuters
Польскія ўлады заявілі аб гатоўнасці дапамагчы мігрантам, якія захраслі на мяжы. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце МЗС Польшчы.
Паведамляецца, што ў Варшаве заклапочаныя сітуацыяй з групай мігрантаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым польскі МЗС накіраваў дыпламатычную ноту Міністэрству замежных спраў Беларусі і заявіў "аб гатоўнасці аказаць на месцы матэрыяльную дапамогу".
Польскія ўлады заявілі, што могуць "неадкладна адправіць канвой з гуманітарнай дапамогай" — перадаць для мігрантаў усё неабходнае: "палаткі, ложкі, спальныя мяшкі, коўдры, піжамы, пасцельныя прыналежнасці і сродкі асабістай гігіены, а таксама пры неабходнасці прадукты харчавання і лекі".
У заяве таксама падкрэсліваецца, што пры згодзе беларускага боку ўезд калоны будзе планавацца "праз бліжэйшы пункт пропуску праз мяжу і будзе праходзіць па найкарацейшым маршруце да месца знаходжання мігрантаў".
Гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра групу мігрантаў, якія апынуліся заблакаваныя на польска-беларускай мяжы недалёка ад польскага населенага пункта Уснаж-Гурны ў Падляскім ваяводстве. Каля 30 чалавек перамяшчаюцца паміж памежнікамі дзвюх краін з 18 жніўня. Польскія памежнікі настойваюць, што мігранты знаходзяцца на беларускае тэрыторыі, і не пускаюць іх у Польшчу. З іншага боку мяжы знаходзяцца прадстаўнікі беларускіх сілавых структур, якія не дазваляюць ім вярнуцца ў Беларусь.
На фоне ўвядзення санкцый ЕС супраць Беларусі Аляксандр Лукашэнка стаў казаць пра паслабленне кантролю на мяжы. "Сёння мы гэтым займаемся, але роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне", — заявіў ён, у прыватнасці, у пачатку чэрвеня. Пасля таго як суседнія краіны перасталі прымаць мігрантаў і сталі адпраўляць іх назад у Беларусь, Лукашэнка запатрабаваў не ўпускаць іх назад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.