Дэпутаты збіраюцца заўтра прыняць законапраект аб грамадзянстве ў двух чытаннях
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі / @housegovby
Беларускія дэпутаты плануюць заўтра разгледзець законапраект аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь адразу ў двух чытаннях. Пра гэта піша БЕЛТА. Тэкст дакумента быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў канцы верасня. Ён прадугледжвае, сярод іншага, абавязак грамадзян паведамляць уладам аб наяўнасці ў іх віду на жыхарства іншай краіны або іншага дакумента, які дае льготы (напрыклад, “карты паляка“). Паведаміць пра гэта трэба будзе на працягу трох месяцаў з дня атрымання.
Акрамя таго, у законе прапісаныя падставы для пазбаўлення беларусаў грамадзянства. Павялічылася колькасць артыкулаў КК, прысуд паводле якіх можа быць падставай для пазбаўлення грамадзянства. Раней такіх артыкулаў было 24, цяпер будзе 55. Пазбавіць грамадзянства змогуць, у тым ліку, за заклікі да санкцый, адмаўленне генацыду беларускага народа, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім. Гэта значыць, дадаўся шэраг артыкулаў, паводле якіх у Беларусі судзяць палітычных апанентаў рэжыму. З улікам практыкі завочных судоў, якую нядаўна ўвялі ў Беларусі, без пашпарта могуць застацца многія апазіцыйныя палітыкі і актывісты.
Пасля разгляду ў Палаце прадстаўнікоў дакумент павінен яшчэ ўхваліць Савет рэспублікі і падпісаць Аляксандр Лукашэнка. Дакумент уступіць у сілу праз паўгода пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.