Для пашпарта замежніка ў Аўстрыі адмаўляцца ад грамадзянства РБ не трэба
Аўстрыйскі сцяг, ілюстрацыйнае фота
Для атрымання аўстрыйскага пашпарта замежніка не патрабуецца адмаўляцца ад цяперашняга беларускага грамадзянства. Пра гэта заяўляюць прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Аўстрыі.
Напярэдадні ў офісе лідара дэмсіл Святланы Ціханоўскай абвясцілі, што Аўстрыя будзе прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты сапраўднымі, а для атрымання аўстрыйскага пашпарта замежніка нібыта трэба адмовіцца ад грамадзянства Беларусі.
"Для атрымання пашпарта замежніка ў Аўстрыі паводле дзейнага заканадаўства не патрабуецца адмова ад наяўнага грамадзянства", — абвяргае беларуская дыяспара ў Аўстрыі.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары кажуць, што пашпарт замежніка не дае статусу грамадзяніна краіны. Ён толькі пацвярджае асабістыя даныя, актуальнае грамадзянства чалавека і тое, што ён з'яўляецца рэзідэнтам Аўстрыі.
Наяўнасць пашпарта замежніка і віду на жыхарства дазвадяюць атрымаць візы ў іншыя краіны, куды грамадзянам Беларусі патрэбны візавы ўезд.
Аўстрыйскае заканадаўства дазваляе атрымліваць пашпарт замежніка нават асобам без грамадзянства, у тым ліку тым, хто не мае праязных дакументаў. Замежныя грамадзяне могуць атрымаць такі пашпарт, калі дакажуць, што краіна іх паходжання не падаўжае тэрмін дзеяння пашпарта ці наогул не выдае яго (гэта якраз тая сітуацыя, у якой апынуліся многія беларусы). Але для атрымання такога дакумента заяўнік павінен мець права на знаходжанне ў Аўстрыі. Пры гэтым статус бежанца не з'яўляецца абавязковай умовай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.