Для паступлення ў ВНУ на агульных падставах пакінуць не менш за 20% месцаў

Абітурыенты

Абітурыенты

Сёлета Мінадукацыі зрабіла новаўвядзенне ў абітурыенцкую кампанію — вызначыла, колькі месцаў павінна заставацца для паступлення на агульных падставах. Пра гэта паведаміў прадстаўнік ведамства Сяргей Пішчоў 27 сакавіка падчас эфіру ў студыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

У чыноўніка запыталіся, колькі месцаў застанецца для паступлення на агульных падставах з улікам вялікай колькасці льготнікаў, а таксама мэтавікоў. Пішчоў адзначыў, што і раней пры паступленні ў ВНУ адораныя абітурыенты мелі шмат дадатковых ільготаў. Але сёлета з'явілася новаўвядзенне для тых, хто паступае на агульных падставах.

"Прынята рашэнне, і ў Правілы прыёму ўнесеныя змяненні, што па ўсіх спецыяльнасцях мінімум 20% ад кантрольных лічбаў прыёму застанецца для паступлення абітурыентаў на агульных падставах. Для ўсіх спецыяльнасцяў гэта не менш за 20%, па медыцынскіх спецыяльнасцях — не менш за 10%. Гэта тая колькасць месцаў, якая застанецца на агульны конкурс", — паведамў Пішчоў.

Па яго словах, гэта робіцца для падстрахоўкі тых, хто хоча стаць студэнтамі па выніках ЦЭ, ЦТ і ўнутраных іспытаў, а таксама — каб "стварыць роўныя ўмовы" для ўсіх катэгорый абітурыентаў.

Дарэчы, Пішчоў нагадаў, што конкурс можа ўзнікнуць і сярод абітурыентаў, якія плануюць паступаць без экзаменаў. Тады тыя, хто яго не пройдзе, будуць вымушаныя падаваць дакументы на агульных падставах.

Сёлета ЦТ (для выпускнікоў каледжаў або мінулых гадоў) і ЦЭ пройдуць у адны дні. 27 траўня — прадмет на выбар, 30 траўня — іспыты па беларускай або рускай мове. 3 і 6 чэрвеня ўсе абітурыенты мусяць здаць ЦТ па другім профільным прадмеце, патрэбным ім для паступлення. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі