Домрачава — другая ў спісе найлепшых спартсменак свету
Такія вынікі паказала апытанне Міжнароднай асацыяцыі спартыўнай прэсы.
Беларуская біятланістка Дар'я Домрачава заняла другое месца ў спісе найлепшых спартсменак свету 2014 года. Такія вынікі паказала апытанне, праведзенае Міжнароднай асацыяцыяй спартыўнай прэсы сярод сваіх чальцоў з 91 краіны, паведамляе БелаПАН.
Домрачава, якая стала трохразовай чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў у Сочы, атрымала 483 галасы. Першае месца заняла тэнісістка з ЗША Серэна Уільямс — 843 галасы. На 10 галасоў ад нашай суайчынніцы адстала нарвежская лыжніца Марыт Б'ёрген.
У тройцы лепшых спартсменаў — брамнік нямецкай футбольнай зборнай Мануэль Ноер, швейцарскі тэнісіст Роджэр Федэрэр і нападнік мадрыдскага "Рэала" і футбольнай зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду.
У тройку найлепшых камандаў увайшлі зборная Нямеччыны па футболе, якая стала чэмпіёнам свету, мадрыдскі "Рэал", які выйграў Лігу чэмпіёнаў, і мужчынская зборная Швейцарыі па тэнісе, якая заваявала Кубак Дэвіса.
Лепш за ўсё, на думку журналістаў, былі арганізаваныя чэмпіянат свету па футболе ў Бразіліі, зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы і Уімблдонскі тэнісны турнір.
Фота — interfax.by