"Другая маміна вайна": гісторыя сям'і, якую мы год таму сустрэлі на мяжы
"На трэці дзень вайны мама знайшла карту Кіеўскай вобласці. Па карце яна спрабавала зразумець, адкуль на Кіеў ідуць "рашысты" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Крыху больш за год таму ўкраінская журналістка Юлія Найдзенка рыхтавала агляд калекцый з украінскага Тыдня моды. У адным з павільёнаў знятая апошняя даваенная фатаграфія Юлі.
Праз некалькі тыдняў пасля гэтага здымка карэспандэнты Еўрарадыё сфатаграфуюць яе ў пункце пропуску "Грабеннэ" на польска-ўкраінскай мяжы. Праз гэтае месца ў той дзень прайшлі тысячы ўкраінскіх уцекачоў, а цягам наступных месяцаў пройдуць мільёны.
Юлія тады везла ў эвакуацыю сваю 85-гадовую маму Ганну Іванаўну, пляменніка Мікалая і чатырох катоў — Макса, Мраку, Кашмарту і Базыля. Напрыканцы першых сутак дарогі каты нема раўлі ад страху і стомы.
Праз год мы звязаліся з Юліяй і распыталі, як прайшлі — і што змянілі ў ёй — гэтыя месяцы.
Тады. Чэрвень 1941-га года. Жытомір.
“Дзесьці побач упала бомба, выбуховай хваляй выбіла вокны, і шкло абадрала маме руку”
Калі пачалася вялікая вайна ва Украіне, Ганне Іванаўне было 85 гадоў. Калі пачыналася тая, іншая вайна, ёй было чатыры гады.
— Гэта другая вайна, якую перажывае мама. Калі Германія напала на Савецкі Саюз, ёй было без малога пяць гадоў. У той момант яна знаходзілася ў родзічаў у Жытоміры. Маці прыйшла за ёй пешшу з Чарнігава ў Жытомір — каля 280 кіламетраў — ужо пасля таго, як Украіну акупавалі.
З тых часоў у мамы засталіся некалькі яркіх успамінаў, якімі яна раптам пачала дзяліцца пасля расійскага ўварвання.
Напрыклад, яна ўзгадала, што іх дом у Жытоміры стаяў на ўзгорку, дзесьці побач упала бомба, выбуховай хваляй выбіла вокны, і шкло абадрала маме руку. Іншы яркі ўспамін — як яна са сваёй мамай, маёй бабуляй, ішла пешшу з Жытоміра ў Чарнігаў. У раёне вёскі Сяміполкі яны сустрэлі нямецкі атрад, які вытрыбушыў бабулін вузельчык.
Мама ўспамінае, як немцы прыходзілі ў двор па малако і яйкі. І перш чым забраць вядро, яны дазвалялі наліць кожнаму дзіцяці па кубку малака. Дзяцей у бабулі было чацвёра.
Сама бабуля казаць пра вайну адмаўлялася, як я яе ні прасіла пра гэта. На вайне яна страціла свайго старэйшага сына. У 1943 годзе, у 13 гадоў, ён з сябрам знайшоў і раскруціў гранату.
Да пенсіі Ганна Іванаўна працавала інжынерам-метралогам, у тым ліку і на ваенных прадпрыемствах. Яна заўдавела ў 1988 годзе. А два гады таму зламала шыйку сцягна. Пасля аперацыі за ёй даглядала Юлія.
У першы дзень гэтай, новай, вайны Ганна Іванаўна сказала: “Ось пуця! Я заўсёды казала, што ён дрэнны чалавек!" А на трэці дзень Ганна Іванаўна, якая з цяжкасцю можа самастойна перасоўвацца, знайшла падрабязную карту Кіеўскай вобласці. Дзе — Юля не ведае.
— Па карце яна спрабавала зразумець, адкуль на Кіеў ідуць рашысты. Так яна пачала называць расіян.
Цяпер. Люты 2022 года. Кіеў
“Патэлефанавала сказаць, што пачалася вайна. Адказалі: мы ведаем, праз сяло ехалі танкі”
Юля прачнулася за гадзіну да вайны ад болю ў грудзях.
— Не магла зразумець, што адбываецца. Палезла чытаць навіны, у прыватнасці, NEXTA, на які была падпісаная яшчэ з часоў рэвалюцыі ў Беларусі. Адтуль даведалася пра выступ Пуціна. А пра тое, што пачалася вайна, даведалася па выбухах, якія грымнулі адразу ж пасля таго, як ён абвясціў аб пачатку так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі.
Адзін выбух, другі, трэці... адкрыла фэйсбук і назірала, як прачыналіся мае сябры. Я тупіла хвілін 15, пасля чаго пачала будзіць па тэлефоне ўсіх, каго магла. Цётка з Чарнігава кажа, што дагэтуль чуе мой голас і мае першыя словы. А сястра з Харкава дзякуе, што я яе разбудзіла і яна паспела набраць пітной вады і схадзіць у краму.
У лютым вайна ўжо вісела ў паветры. Але мы ўсе адмахваліся, жартавалі, гналі гэтую думку. Як так? Краіна, у якой поўна родных, сяброў, працоўных кантактаў, раптам возьме і нападзе?
У першыя дні я ўсё чакала, што свет неяк паўплывае на сітуацыю. Успамінала, як прэзідэнты Украіны, Польшчы, Літвы тэрмінова прыляцелі ў Тбілісі ў жніўні 2008, калі расійскія танкі былі за 35 км ад сталіцы. Але прыехаць да нас у тыя дні ніхто не наважыўся.
Калі Юля прыйшла на працу, галоўны рэдактар сказаў: "Дзяўчаты, я зразумею, калі вы зараз кудысьці паедзеце". Юля адказала: "Мне ехаць няма куды, хіба што насустрач ворагу".
— Так склалася, што мае родныя жывуць у Чарнігаве, Чарнігаўскай вобласці і Харкаве. І сяло Сэдніў, дзе жывуць мамчыны сёстры, ужо ў першыя гадзіны, 24 лютага, апынулася ў акупацыі. Гэта каля 60-70 км ад прыгранічнага пункта Сенькаўка. Калі я ім а пятай раніцы патэлефанавала і сказала, што пачалася вайна, яны мне адказалі, што ўжо ўсё ведаюць. Праз вёску ехалі танкі.
Вылі сірэны. Паветраныя трывогі сталі зацяжнымі, і некалькі начэй — адну ці дзве, Юля не памятае, — яна правяла ў ваннай. Публікаваць інфармацыю аб прылётах ва Украіне забаронена, таму было незразумела, што і дзе выбухае.
— Я толькі адзін раз паспрабавала спусціць маму ў склеп у першы дзень вайны. Але выявілася гэта настолькі цяжка, што мы вырашылі больш нікуды не хадзіць. Спачатку ўсе трывогі пераседжвалі ў ваннай, потым я паставіла для яе ў калідоры ложак, таму што доўга сядзець ёй вельмі цяжка.
Ужо пазней я зразумела, што ў тыя дні не магла думаць ясна. Тым ложкам я забарыкадавала ўваход у кватэру.
На пачатку вайны дома заставаўся толькі кілаграм корму для катоў. Гэтага хапіла б дзён на пяць — і Юля зрабіла некалькі вылазак у крамы. З'язджаць не збіралася ні яна, ні Ганна Іванаўна. У юнацтве Юля часта хадзіла ў паходы і любіла ваенную літаратуру. Таму ў яе былі сякія-такія навыкі выжывання.
— Першае, пра што падумала: добра, што я ведаю, дзе ў маім раёне знаходзяцца крыніцы, зможам набраць пітной вады. Назапасіла прадуктаў — ды так, што некаторыя даядалі ўжо летам.
Мы перажылі ў Кіеве некалькі зацяжных каменданцкіх гадзін па трое сутак. А зламалася я пасля прылёту ў тэлевышку, побач з якой жыву. Гэта адбылося 1 сакавіка. Да гэтага мой раён мне здаваўся ціхім і бяспечным. Але пасля трапляння ў вышку гучна выбухаць штосьці пачало памногу разоў і штодня.
Адна за адной з Кіева пачалі выязджаць сяброўкі. Тады родная сястра і пляменніца з Ізраіля прапанавалі выехаць у Польшчу, паабяцалі прыгледзець за мамай, уладкаваць катоў. І менавіта таму я пагадзілася на сваё неверагоднае падарожжа з мамай, якая амаль не ходзіць, чатырма катамі і пляменнікам-падлеткам.
Ганна Іванаўна катэгарычна адмаўлялася з'язджаць з Кіева. Як удалося яе ўгаварыць? Юля не памятае. Здаецца, паабяцала маме, што забярэ яе назад, як толькі дома стане крыху бяспечней.
Сакавік 2022 года. Польска-ўкраінская мяжа
“За сняданкам Бартэк даведаўся, што на мяжы разгортваецца літаральна гуманітарная катастрофа”
Усю ноч Юлія, Ганна Іванаўна і каты ехалі на эвакуацыйным аўтобусе з Кіева да Львова. У Львове валанцёр Чырвонага Крыжа падхапіў на рукі Ганну Іванаўну, перасадзіў у валанцёрскую машыну — і памчаў да мяжы. Кіроўца — звычайны польскі бізнесовец, які ў вольны час узяўся вывозіць украінскіх уцекачоў з Львова ў Польшчу.
— З другога боку ўкраінска-польскай мяжы мне дапамог хлопец, яго звалі Бартэк. Ён з прыгарада Кракава. Раніцай падчас сняданку Бартэк даведаўся, што на мяжы разгортваецца літаральна гуманітарная катастрофа ад наплыву бежанцаў, і вырашыў, што ў яго ёсць магчымасць дапамагчы вывезці хоць кагосьці.
Гэтымі кімсьці апынуліся я, мама, пляменнік і мае чатыры каты, якія да таго моманту ўжо нема раўлі ў сваіх пераносках ад страху і стомы.
Я папрасілася ў Кракаў, таму што спадзявалася сустрэцца там з сяброўкай з Кіева і аб'яднацца — разам лягчэй выжыць. Але ў Кракаве ў валанцёрскім пункце на вакзале было занадта шмат людзей, таму Бартэк адвёз нас у курортны горад Рабка-Здруй дзесьці за 100 км ад Кракава. Там мы ноч правялі ў гасцініцы, а потым пераехалі ў пакой у курортным санаторыі. Там я змагла нарэшце перавесці дух.
А праз некалькі дзён мне дапамаглі знайсці кватэру ў мястэчку Румя пад Гданьскам. І так мы другі раз адужалі шлях праз усю Польшчу. Нас прыняла цудоўная сям'я, з якой я да гэтага часу падтрымліваю адносіны і вельмі спадзяюся, што пасля нашай Перамогі яны прыедуць да нас у госці і я змагу іх пазнаёміць з Кіевам і Украінай.
2023-ы год, Кіеў
“Прылёты былі дастаткова гучныя, каб мама з яе слабым слыхам іх пачула”
Мы спісаліся з Юляй, каб дамовіцца на сустрэчу ў Польшчы. Але аказалася, што яшчэ ў траўні мінулага года і яна, і яе мама Ганна Іванаўна, і трое катоў вярнуліся ў Кіеў. У эвакуацыю — у Ізраіль — з'ехала толькі кошка Кашмарта.
Паляцець павінна была і кошка Мрака, але Юля кажа, што яна так адчайна крычала на ўвесь аэрапорт, што "каціны бог яе пачуў". Пераноска апынулася на некалькі сантыметраў большая за аддзяленне — і Мрака паехала дадому, у Кіеў.
Ганна Іванаўна кожную раніцу пытаецца ў Юлі: "Як там рашысты?" Самае бяспечнае месца ў кватэры — калідор, і Юля паставіла ў калідоры крэсла для мамы.
— Падчас масіраваных ракетных нападаў восенню-зімой мама ціхмяна сядзела ў калідоры ў сваім крэсле. На шчасце, нас усё абыходзіла. Толькі адзін раз над домам праляцела ракета і паляцела кудысьці далей. Прылёты былі, але не так ужо блізка, аднак дастаткова гучныя, каб мама з яе слабым слыхам іх пачула.
Яшчэ ў першыя дні вайны нашы айці-спецыялісты напісалі некалькі прыкладанняў, якія паведамляюць пра трывогу, калі сірэна кепска працуе ці не працуе.
Зараз я вызначаю, ці варта хавацца ў калідор або можна працягваць жыць спакойна, па тэлеграм-каналах. У іх паведамляюць прыблізны кірунак — куды ляцяць ракеты або "шахеды". Частка ўкраінцаў так і жыве — спраўджваюць у тэлеграм-каналах.
А больш свядомая частка ідзе ў метро ці бамбасховішчы. На шчасце, цяпер Кіеў больш надзейна абаронены, чым гэта было некалькі месяцаў таму, і рэдкая ракета прабівае нашу абарону. І з іранскімі беспілотнікамі наша СПА навучылася змагацца.
Юля запэўнівае, што ў Кіеве ёй не страшна. Яе сябра адказвае: "Ты так кажаш, таму што Кіеў не быў акупаваны".
"Насадзіла "Садоў перамогі", як у Брытаніі падчас Другой сусветнай вайны, — кажа Юля. — Таму што з досведу Другой сусветнай мы ведаем, што за вайной заўсёды наступае голад".
— Да вайны я вяла вельмі актыўнае, можна сказаць, свецкае жыццё: адкрыцці выстаў, прэм'еры фільмаў, канцэрты, тыдні моды, паказы ўкраінскіх дызайнераў, — Юля паказвае нам свае апошнія фатаграфіі з мірнага жыцця.
Глядзець фільмы яна больш не можа. Хіба што — зрэдку — прымушае сябе паглядзець дэтэктывы. Трошкі прасцей з праглядам фільмаў у кінатэатрах. Калі вакол шмат людзей, глядзець кіно лягчэй.
Пра моду Юля таксама больш не піша. І прапусціла момант, калі пачалася вясна. І пра традыцыйныя для журналістаў "Вынікі года" ў яе выданні ўспомнілі толькі ў лютым.
— У нас жартуюць — "вечный лютий".
Юля скідае нам спасылку на свой матэрыял з рубрыкі "Лайфстайл". Цяпер лайфстайл — гэта "100 песень вайны, якія мы слухалі і спявалі ў гэтым годзе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.