Беларусы здымаюць дом тым, хто ўцёк ад вайны і рэпрэсій. Ім усім трэба дапамога

"Пасля акупацыі дзіця тут упершыню ўсміхнулася" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Пасля акупацыі дзіця тут упершыню ўсміхнулася" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Перад самым Новым годам у дзверы двухпавярховага катэджа ў адным са спальных раёнаў Варшавы пастукаў баец палка Каліноўскага. Хацеў пераначаваць — і яго пусцілі. З умовай, што каліновец на адзін вечар стане Дзедам Марозам.

Гэты дом — шэлтар, дзе ўжо год прапануюць бясплатнае жыллё для беларусаў і ўкраінцаў. У асноўным тут жывуць мамы з дзецьмі, якія збеглі ад вайны або рэпрэсій. Але ў адным пакойчыку на чатыры ложкі на першым паверсе могуць ненадоўга спыніцца і мужчыны.

— І вось такі ў нас быў Новы год. Дырэктарка шэлтара — Баба Яга. Дырэктарка па камунікацыях — кікімара. І каліновец — Дзед Мароз. Нармальны беларускі Новы год, — расказвае адміністратарка шэлтара Ганна Федаронак.

Арэнду дома — каля 2,5 тыс. еўра за месяц — ужо год аплачвае беларуская дыяспара ў Італіі. Гэтых грошай хопіць яшчэ на паўгода. З фінансаваннем праз год вайны становіцца ўсё складаней, а людзей, якім патрэбная дапамога, не меншае.

— І людзі прыязджаюць розныя: у кагосьці ёсць запасы, а ў кагосьці — 50 еўра ў кішэні на ўсю сям'ю. Так, дах над галавой — гэта важна, арэнда ў Польшчы вельмі высокая, але ж трэба і чымсьці харчавацца.

Раней мы маглі прапанаваць эвакуяваным беларусам і ўкраінцам прадукты, цяпер няма грошай нават на тое, каб адрамантаваць пральную машыну. Смяюся, што ўжо прывыкла хадзіць з выцягнутай рукой — не для сябе ж.

У шэлтары можна жыць да трох месяцаў. За гэты час пастаяльцаў просяць знайсці працу і пастаяннае жыллё, каб можна было ўладкаваць на іх месца іншую сям'ю. Проста цяпер усе месцы тут занятыя і ў найбліжэйшыя тры месяцы не вызваляцца — людзі толькі-толькі заехалі. Хтосьці — з акупацыі. Хтосьці — з Беларусі.
 

“Людзі там проста выжываюць. На падножным корме. Хто што назапасіў — той тым і харчуецца”

Ля ўваходу з каляскай, у якой ляжыць аднагадовае дзіця, стаіць маладая жанчына.

— З Херсонскай вобласці. Акупацыя.

Гэта Марына [імя змененае]. Бацькі Марыны засталіся ва Украіне — на акупаванай тэрыторыі. Сама яна выязджала з акупацыі праз Крым.

— Вельмі цяжка было. Дзіцяці — год. Чатыры дні ў дарозе. Але знаходзіцца там было ўжо немагчыма.

Самае страшнае? Склады з боепрыпасамі, якія растусаваныя зусім блізка да дамоў. І нас ніхто не папярэджвае, маўляў, сюды не хадзіць, тут небяспечна.

У адзін з вечароў прыляцела ў склад, які быў зусім побач з намі. Усё пачало выбухаць. Наступнай раніцай дзіця прачнулася — і не загаварыла. Да гэтага пачынала балакаць, казала "мама" і "дай". А тут — нічога. Яно замкнулася, пачало ўсяго баяцца. У той дзень я пачала збіраць рэчы.

Прыехалі. Спачатку бадзяліся, а потым нам далі тэлефон гэтага шэлтара.

Белорусы снимают дом для сбежавших от войны и репрессий. Им всем нужна помощь
Той самы катэдж, у якім людзі тры месяцы могуць жыць бясплатна / Euroradio

Марына запрашае нас у свой пакой. Ганна, адміністратарка шэлтара, прапануе пасядзець з дзіцем, пакуль мы будзем размаўляць.

— Дзіця тут усміхацца пачало, — кажа Марына. — Мы ж доўгі час у падвале праседзелі. І спачатку для яго ўсё было дзіўна. "Людзі! Хто яны такія?”

Ведаеце, мы ўсе гэтыя месяцы спадзяваліся, што тыя, хто прыйшоў у наш горад, убачаць, што ніякіх нацыстаў тут няма. Што да іх дойдзе. Дойдзе, што трэба іншыя крокі рабіць — не такія, якія яны робяць. Але выйшла як выйшла.

Белорусы снимают дом для сбежавших от войны и репрессий. Им всем нужна помощь
Пакой Марыны і яе дзіцяці ў шэлтары / Euroradio

Пажылыя бацькі Марыны не захацелі з'язджаць. Яна размаўляе з намі ананімна, бо баіцца за іх.

— Як жывецца ў акупацыі? Грыўня абясцэнілася, і пенсіянеры, якія атрымліваюць пенсію ў грыўнях, ужо нічога не могуць купіць за іх. Абменны курс — "адзін да аднаго". Пачаліся праблемы з прадуктамі. Заходзіш у краму — а там пуста. Пустыя паліцы. Пачалі выдаваць кілаграм цукру на чалавека. Я такое толькі па тэлевізары бачыла.

Мы стаялі ў чэргах, бо нам патрэбныя былі падгузнікі і прадукты. З Украіны доўгі час нічога не паступала — было немагчыма нічога паставіць. Значна пазней пачаліся пастаўкі праз Крым — але там цэны такія, што нічога сабе нельга дазволіць. І кожны дзень цэны ўсё вышэйшыя. Тых грошай, якія ў людзей ляжалі як "н/з", цяпер хапае толькі на тое, каб выехаць.

Людзі там проста выжываюць. На падножным корме. Хто што назапасіў — той тым і харчуецца. Вялікую стаўку цяпер робяць на тое, што хутка пачнуцца агароды. Але ў нас там лінія фронту: сёння пасадзіш, а заўтра можа прыляцець. Жывуць надзеяй.

Чаму бацькі не захацелі з'ехаць з намі? Таму што ў дамах тых, хто з'ехаў, не засталося нічога. Усё вынеслі. Калі людзі некалі і вернуцца дадому, у найлепшым выпадку іх будуць чакаць сцены. І бацькі баяцца пакідаць усё, што нажылі.

Ды і пенсіянеры яны. Усё пакінуць і з нуля пачынаць — гэта вельмі цяжка.
 

“Хтосьці напіша такія словы, што заплачаш, а хтосьці скажа, што мала далі”

“Не піць, мужыкоў не вадзіць, курыць на дварэ”, — смяецца Ганна, калі мы просім расказаць пра правілы жыцця тут. На кухні вісіць графік уборкі, калі пастаяльцы хочуць запрасіць гасцей, пра гэта трэба папярэдзіць загадзя.

— А чаму бываюць канфлікты? Інтэрнат — гэта вельмі складана. Ва ўсіх гэтых людзей было сваё жыллё, а цяпер яны жывуць у інтэрнаце. Агульны санвузел, агульны посуд. Калі людзі прыціраюцца адно да аднаго, становіцца прасцей, але адразу пасля засялення бывае складана, — расказвае Ганна, якая, калі трэба, выконвае ролю медыятара. Або любую іншую ролю.

Белорусы снимают дом для сбежавших от войны и репрессий. Им всем нужна помощь
Ганна, адміністратарка хостэла, і Анастасія, менеджарка па камунікацыях / Euroradio

— У нас у доме няма ні прыбіральшчыцы, ні нянькі, ні псіхолага, ні сантэхніка, ні кастэляна. Я як Лукашэнка тут: і шавец, і кравец, і каваль, і стругаль. Пасцель выдаць — мая праца, праверыць, ці прыбрана ў доме — таксама мая праца. Раздаць пошту, выслухаць просьбы, крыўды, скаргі, вырашыць канфлікт — усё гэта раблю я.

А потым пачынаюцца новыя праблемы: аформіць дакументы, адкрыць рахунак у банку, знайсці школу для дзіцяці.

— Мяне ведаюць у мясцовай школе. Калі я чарговым разам туды прыходжу, дырэктар стогне: “Ох, пані Ганна, месцаў няма!" Я яму: "Ну пане, ну патшэбна знайсці едно мейсцэ. Ну едно!" Нашы людзі ж часта прыязджаюць, не ведаючы ні слова па-польску, і ім трэба дапамагаць у вырашэнні ўсіх гэтых праблем.

Прачытаць, як жылося ў шэлтары пастаяльцам, можна ў спецыяльна створанай для падзякаў кнізе.

— Людзі розныя: хтосьці напіша такія словы, што будзеш плакаць, а хтосьці скажа, што "мала далі". Але ўдзячных, вядома, больш.
 

“Хай твае дзеці табе дзякуй скажуць — паедуць у дзіцячы дом”

— Самае страшнае, чым яны палохаюць, — дзіцячым домам для дзяцей.

Марта [імя змененае ] — шматдзетная мама. Цяпер яна жыве ў адным з пяці пакойчыкаў катэджа. У Беларусі яна з сям'ёй будавала ўласны дом. Жылі добра, таму калі ў іх сям'і пачаліся ператрусы і затрыманні, суседзі цыкнулі: "Вы што, дрэнна жылі? Навошта вам гэта?”

Гэтай зімой сакавіку давяшлося спешна збіраць рэчы і разам з двума дзецьмі бегчы са свайго камфортнага дома — у чужы.

Белорусы снимают дом для сбежавших от войны и репрессий. Им всем нужна помощь
"Забілася ў кут у тым аўтазаку, вырашыла: як будзе, так будзе. Магу толькі здагадвацца, што мяне выратавала, чаму яны мяне тады адпусцілі" / Euroradio

— Вядома, страху мы нацярпеліся. Калі мяне затрымалі па дарозе на адну з акцый, была ўпэўненая, што не адпусцяць. Я сябе тады паводзіла смела — можа і не варта было так? Я казала ім: вы ж таксама людзі. Так, я выходзіла на акцыі. І за сябе, і за вас выходзіла. Я для ўсіх хацела лепшага жыцця.

Але адчуваецца, што з імі правялі добрую тлумачальную працу. "Гэта сістэма, яе не зламаеш", "у свеце ўсё так уладкавана", "танкі на мяжы ляскаюць гусеніцамі" — ва ўсіх адны і тыя ж фразы. І яшчэ пытанне: "А чаго табе не хапала?”

А потым адзін з іх даведаўся, што я яшчэ і за Украіну. Тады я пачула і "ты цяпер на сем гадоў паедзеш", і "хай твае дзеці табе дзякуй скажуць, калі паедуць у дзіцячы дом".

Забілася ў кут у тым аўтазаку, вырашыла: як будзе, так будзе. Магу толькі здагадвацца, што мяне выратавала, чаму яны мяне тады адпусцілі.

Перад нашым ад'ездам да дома пастаянна пад'язджалі бусы, дзяжурылі. Можа, гэта і не да нас — але жыць у такіх нервовых умовах немагчыма. Так што ў нейкі дзень мы за паўтары гадзіны сабралі рэчы і з'ехалі.

За некалькі месяцаў да ад'езду Марта звязалася з Ганнай, так што калі канчатковае рашэнне — трэба ехаць — было прынятае, сям'ю тут ужо чакалі.

— Дзякуй Богу, ёсць у нас дах над галавой, вельмі ўдзячныя ўсім, хто звязаны з гэтым шэлтарам. Самае важнае — тут мы можам пагаварыць адно з адным. Аднаму вельмі складана. А тут заўсёды ёсць людзі.

Марта і дзеці ўжо падаліся ў Польшчы на міжнародную абарону. Вяртацца ў Беларусь яны пакуль ці ўвогуле не плануюць.

— Я думаю, што калі мы там нармальна жылі, то і тут зможам уладкавацца. Так, ужо не дваццаць гадоў, так, я цяпер тут адна з двума дзецьмі. Але, ведаеце, настрой у мяне ўсё роўна добры. Спадзяюся, з часам усё наладзіцца.
 

“Украінскія дзеці ў нас на пляцоўцы гуляюць у тэрабарону Кіева”

Расказваючы пра тое, ад каго беглі, пастаяльцы шэлтара гавораць абстрактна: "яны". У Марыны "яны" размясцілі па ўсім горадзе склады з боепрыпасамі. У Марты іншыя "яны" абяцалі забраць дзяцей у дзіцячы дом.

Беларусы і ўкраінцы ў гэтым шэлтары ні разу не пасварыліся "праз палітыку", і ніхто не прыгадаў іншаму ні ракеты, ні "гандаль з Лукашэнкам". У пастаяльцаў шэлтара розныя "яны" — але праз іх больш аднолькава няма дому.

Белорусы снимают дом для сбежавших от войны и репрессий. Им всем нужна помощь
У шэлтары ў асноўным жывуць мамы з дзецьмі / Euroradio

— Украінскія дзеткі ў нас на пляцоўцы гулялі ў тэрабарону Кіева і ў полк "Азоў". І першы час вельмі палохаліся, калі бачылі самалёт у небе. А беларускія дзеці баяцца міліцэйскіх машын, — расказвае менеджарка па рэкламе і сацсетках Анастасія Загорская.

Раней справы ў шэлтары ішлі добра, і было шмат ахвочых дапамагчы. Валанцёры з'язджаліся самыя розныя: цырульнікі, аніматары — нават касметолагі прапаноўвалі жыхарам свае паслугі бясплатна.

А цяпер шэлтару вельмі патрэбная дапамога. Грошай хапае толькі на аплату арэнды, і тут будуць удзячныя любому ахвяраванню. Можна прынесці падарункі, або прысмакі для дзяцей, або бытавую хімію, можна проста прыехаць паваланцёрыць.

Белорусы снимают дом для сбежавших от войны и репрессий. Им всем нужна помощь
Благодарности от постояльцев — в отдельной книге / Euroradio

— Галоўнае, што трэба людзям, якія сюды трапляюць — не ежа і не адзенне. Ім трэба, каб іх выслухалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі