Два гады калоніі агульнага рэжыму — за надпіс "Не забудзем"
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска завяршыўся працэс над 25-гадовай Марыяй Бабовіч і 26-гадовым Максімам Паўлюшчыкам. Іх судзілі за надпіс "не забудзем" на тратуарнай плітцы каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага паблізу станцыі метро "Пушкінская".
Суддзя Юлія Блізнюк прызнала іх вінаватымі ў хуліганстве і прысудзіла Паўлюшчыка да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Бабовіч — да 1,5 года "хатняй хіміі", піша TUT.by. Дзяўчыну вызваляць з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Менавіта такое пакаранне для іх прасіла і дзяржабвінавачанне.
Праваабаронцы прызналі абаіх палітвязнямі.
Спярша падсудным выстаўлялі і абвінавачанне ў пашкоджанні маёмасці ў буйным памерыю Але падчас суда "Гаррамаўтадар" знізіў суму шкоды з 7,5 тысяч рублёў да 211 рублёў. Таксама высветлілася, што надпіс не быў цынічным.
У сваім апошнім слове Максім Паўлюшчык папрасіў прабачэння перад судом і сваякамі, сказаў, што яму сорамна за ўчынак і папрасіў даць яму максімальны тэрмін "хатняй хіміі".
Марыя Бабовіч сказала, што раскайваецца і шкадуе пра зробленае.
Адвакат Паўлюшчыка Аляксандр Філановіч настойваў, што дзеянні яго падабароннага можна кваліфікаваць максімум як дробнае хуліганства — адміністрацыйнае правапарушэнне. Аднак гэтыя аргументы на суддзю ніяк не паўплывалі.
Да нанясення надпісу маладыя людзі не былі знаёмыя. Паўлюшчык ішоў па вуліцы і пабачыў, што Бабовіч піша "Не забудзем" каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Ён папрасіў пэндзлік, каб дапамагчы ёй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.