Двое сутак у чарзе: што ўзяць і як захаваць здароўе на мяжы

Парады ад Еўрарадыё на падставе досведу нашых чытачоў.

Парады ад Еўрарадыё на падставе досведу нашых чытачоў. / @granica_bypl

На беларуска-польскай мяжы — пекла. Людзі стаяць у чэргах ужо не 12 гадзін — амаль двое сутак! Гэта цана таго, каб пабачыцца з блізкімі ці паехаць урэшце ў доўгачаканы адпачынак.

“Бацькі едуць з Брэста і больш за суткі проста стаяць у чарзе ў Брэсце, яшчэ нават не даехалі да пункта пропуску. Нейкі жах. Ходзяць чуткі, якімі дзеляцца кіроўцы з аўтобусаў наперадзе, што пераход мяжы можа заняць аж да 44 гадзін”, — хвалюецца Марыя, якая чакае сустрэчы з бацькамі ўпершыню за два гады.

“Тата ехаў днямі — 31 гадзіна на мяжы. Баюся, наступным разам ужо нікуды не паедзе — у 60 з лішнім гадоў у 30 градусаў жыць паўтара дня ў аўтобусе… сумнеўная радасць”, — дадае Мікалай з Варшавы.

На жаль, пакуль беларусам даводзіцца адаптавацца да такіх умоваў. І каб такое складанае падарожжа далося лягчэй, скарыстайцеся парадамі, якія Еўрарадыё склала на падставе ўласнага досведу і досведу нашых чытачоў.

Што ўзяць з сабой?

Паклапоцімся пра базавыя патрэбы: ежу і ваду.

Ваду не хочацца з сабой цягнуць, але без яе нельга, асабліва ў спёку. Разлічвайце на 1-2 літры на асобу.

Ежу лепш браць такую, якая не сапсуецца. Калі ўжо бераце ёгурт ці бутэрброды з мясам, то альбо ешце іх адразу, або пакуйце ў тэрмапакеты.

Добра падыдуць сухафрукты і арэхі, карыснымі будуць пратэінавыя батончыкі, падыдзе і печыва ці цэльназернавыя хлябцы.

Яблыкі, грушы, агуркі — таксама добры выбар. Але варта памыць іх дома і насуха выцерці, каб не псаваліся ў дарозе.

Двое сутак у чарзе: што ўзяць і як захаваць здароўе на мяжы
Гародніну і фрукты можна парэзаць на кавалкі – і з'есць іх у першую чаргу. І карысна, і падсілкавацца можна / Еўрарадыё

Што апрануць?

Пачнём з таго, што дакладна не падыходзіць для доўгай дарогі і доўгага сядзення ў аўтобусе. Дактары не рэкамендуюць шчыгульнае адзенне, шкарпэткі з тугой гумкай, цесны ці новы абутак. Гэта ўсё парушае кровазварот і правакуе ацёкі.

Улічваючы гэта, выбірайце штосьці зручнае, свабоднае і па магчымасці з натуральных тканін. Яшчэ лепш апранацца ў некалькі слаёў, каб можна было адаптавацца да змен тэмпературы.

Добра знайсці месца для запасной вопраткі і абутку на выпадак змены надвор’я.

Для гігіены і здароўя

У дарозе не заўсёды ёсць магчымасць памыць рукі, таму варта мець з сабой вільготныя сурвэткі і антыбактэрыйны гель для рук, папяровыя ручнікі і туалетную паперу. Таксама прыдасца міні-набор для мыцця (зубная шчотка, паста, мыла).

Нават калі вам не патрабуюцца спецыяльныя лекі, варта ўзяць з сабой абязбольвальныя таблеткі, антысептык, пластыр і штосьці для страўніка на выпадак, калі рукі вы ўсё ж не памылі.

Калі ёсць патрэба, не забудзьце лекі ад алергіі і тыя, што вы прымаеце рэгулярна.

Электроніка

Варта паклапаціцца пра тое, каб заставацца на сувязі. Таму бярыце паўэрбанк для зарадкі тэлефона і іншых дэвайсаў, адаптар для зарадкі тэлефона ад разеткі і юсб-шнурок для зарадкі ў аўтобусе.

Хутчэй за ўсё, вам не зашкодзяць навушнікі — каб не перашкаджаць гукамі іншым і каб мець магчымасць адасобіцца ад астатніх.

Электронная кніга, планшэт, ноўтбук — па жаданні.

Невідавочныя рэчы, якія варта мець на ўвазе

Вам могуць спатрэбіцца дробныя наяўныя грошы — злотыя ў тым ліку. Напрыклад, каб наведаць прыбіральню на польскім баку мяжы.

Спецыяльная падушка, якая падтрымлівае шыю, можа забяспечыць вам некалькі гадзін сну і зэканоміць сілы.

Яшчэ больш вы падзякуеце сабе, калі не палянуецеся ўзяць лёгкі плед (падыдзе і вялікі ваўняны шалік-палантын) — у яго прыемна захутацца, каб было камфортна спаць нават у такіх неспрыяльных умовах.

Таксама добрая ідэя — маска для сну, бо ліхтары б’юць у вочы і перашкаджаюць заснуць.

Як не пакласці на мяжы здароўе

Не забывайце піць ваду, нават калі перажываеце, што будзе ляніва бегаць у прыбіральню.

Па-першае, пітны рэжым вельмі важны, асабліва ў душным аўтобусе. Па-другое — варушыцца пры любой магчымасці лепш, чым сядзець сіднем. 

Вашае цела падзякуе вам, паверце. Лепш выйсці прайсціся ўздоўж аўтобуса, размяцца, пакруціць рукамі, папрысядаць, каб разагнаць кроў і не дапусціць зацякання канечнасцяў.

Двое сутак у чарзе: што ўзяць і як захаваць здароўе на мяжы
Пакуль сітуацыя на мяжы такая: людзі стаяць у чэргах аж да двух сутак / @granica_bypl

Калі працуе кандыцыянер, каб не прастудзіцца, апраніцеся ў некалькі слаёў і абавязкова прыкрыйце шыю і грудзі шалікам. Паспрабуйце не садзіцца пад струмень халоднага паветра і піце цёплыя напоі, каб захаваць цяпло.

І як бы скептычна вы ні ставіліся да медытацыі і дыхальных практыкаванняў, на мяжы яны вам не зашкодзяць. Гэта даволі нервова — стаяць на месцы і не ведаць, колькі яшчэ часу гэта зойме, таму не варта трапаць сабе нервы, лепш зрабіць нешта для зніжэння стрэсу.

У гэтай справе могуць дапамагчы спецыяльныя праграмы або проста гук дажджу, лесу, акіяна ці спакойная класічная музыка ў навушніках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі