Двое ў цывільным затрымалі актывіста страйкама "Белшыны" Віталя Красніцкага
"Белшына" / av.by
У пятніцу, 28 жніўня, двое невядомых у спартыўных касцюмах заламілі рукі актывісту страйкама "Белшыны" Віталю Красніцкаму і завялі ў будынак міліцыі. Гэта здарылася ў Бабруйску пасля таго, як мужчына пагадзіўся "прагуляцца і пагаварыць".
Пра затрыманне парталу TUT.by паведаміў брат затрыманага Уладзіслаў. Паводле яго слоў, невядомыя прыйшлі да іх дадому каля 16:30. Яны прапанавалі Віталію "праехаць для размовы". Ён адмовіўся, таму што звычайна пагаварыць выклікаюць позвай. Мужчыны пачалі пагражаць.
Калі браты выйшлі на двор, ім прапанавалі сесці ў мікрааўтобус без нумароў. Тыя зноў адмовіліся, але пагадзіліся "прагуляцца і пагаварыць".
Каля будынка УУС Бабруйскага гарвыканкама на вуліцы Мінскай Віталя затрымалі.
"Брату тут жа заламілі рукі і павялі ў будынак, я паспеў адбегчы", — кажа Уладзіслаў.
Віталь Красніцкі — адзін з актывістаў страйкама "Белшыны". 19 жніўня мужчына абвясціў страйк, а пазней яго звольнілі за прагулы. Віталь сцвярджае, што пра паездку ў Мінск загадзя паведаміў начальніку, які даў яму адгул.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.