Дзеці могуць год чакаць бясплатнага ультрагукавога даследавання сэрца

Блогер Аляксандр Ачарэтні на сваёй старонцы ў фэйсбуку расказвае, што чарга на ультрагукавое даследаванне сэрца для дзіцяці — год! Аляксандр разважае пра бацькоў, у якіх няма грошай ці жадання, каб зрабіць даследаванне ў платным медцэнтры, і яны год стаяць у гэтай чарзе, спадзеючыся на цуды бясплатнай медыцыны. Але ж год чаргі! Год чакаць, каб зрабіць даследаванне?

Абзвоньваю платныя медцэнтры. Ультрагукавое даследаванне каштуе каля 330 тысяч рублёў. Запісацца прапаноўваюць на наступны тыдзень.

У дзяржустановах сітуацыя складанейшая. Лета, адпачынкі… Рэгістратары прапаноўваюць патэлефанаваць пасля 20 жніўня — тады “іх спецыяліст па УГД выйдзе на працу, а пакуль няма каму працаваць!”

“У нас на лістапад мо бясплатная чарга”, — кажуць у 11-й гарадской клінічнай бальніцы.

У 17-й гарадской клінічнай дзіцячай бальніцы таксама робяць  і платную дыягностыку, але і там чарга ў некалькі месяцаў. Ва ўстанове кажуць, што платна прайсці даследаванне складана: набыць талончык амаль немагчыма.

“У нас платных талонаў усяго толькі два на тыдзень”, — паўтараюць некалькі разоў на тым канцы слухаўкі і прапаноўваюць пайсці ў платны медцэнтр.

У Беларускім медыцынскім універсітэце падказваюць, што яны спецыялістаў УГД не выпускаюць — гэтым займаецца БелМАПА.

“Канечне, калі патрэбнае даследаванне, яго правядуць найхутчэй, ніхто год чакаць чаргі не будзе. Але тут яшчэ адна праблема — апараты. Гэта дарагая апаратура. Звычайна колькі апаратаў, столькі і дактароў на ім працуе”, — кажа першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Жаваранак.  

На сайце акадэміі БелМАПА Еўрарадыё знайшло план набору слухачоў на кафедру ультрагукавой дыягностыкі — 216 чалавек! У Акадэміі пацвярджаюць — недабору на гэтую кафедру звычайна не бывае. Куды яны потым знікаюць, калі летам няма каму працаваць?

На які сайт сталічных паліклінік ні зайдзі — паўсюль гарачыя вакансіі. Са 100-працэнтнай упэўненасцю можна сказаць, што будзе вакансія і для спецыяліста ультрагукавога даследавання. Сайт Мінпрацы прапаноўвае з дзясятак вакансій дактарам УГД, але заробак — ад 3 мільёнаў. Ці пойдуць дактары, спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, працаваць у тры змены за такія грошы?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі