“Дзень, калі ў Беларусі скончыліся адвакаты”: абараняць “палітычных” няма каму

У беларусаў адбіраюць апошнія магчымасці абараняцца / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У беларусаў адбіраюць апошнія магчымасці абараняцца / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

“22 сакавіка — дзень, калі ў Беларусі скончыліся адвакаты. Я вельмі спадзяваўся, што гэты дзень не наступіць, але ён наступіў”,піша юрыст, былы адвакат Сяргей Зікрацкі.

Напярэдадні ў Беларусі затрымалі шэсць адвакатаў, якія працавалі з палітычна матываванымі справамі. Высветлілася, што знайсці ім замену немагчыма — “палітычныя” ў Беларусі фактычна застаюцца без абароны.

Еўрарадыё даведалася, што адбываецца з адвакацкай супольнасцю ў Беларусі і чаго чакаць беларусам.
 

“Цяпер усё, я ўжо не ведаю, што рабіць”

“Дзень, калі ў Беларусі скончыліся адвакаты”: абараняць “палітычных” няма каму
Абараніцца ў беларускіх судах і так было практычна немагчыма. Цяпер няма і абаронцаў / Еўрарадыё

Пасля таго, як затрымалі 20 сакавіка шэсць адвакатаў, я шукаў іншага адваката для маёй знаёмай, якой раней рэкамендаваў аднаго з затрыманых, — кажа Зікрацкі. — Падчас гэтых трох дзён да мяне звярталіся іншыя адвакаты, якія таксама шукалі замену. І мы проста зразумелі, што знайсці вольнага адваката, які б здолеў хутка ўключыцца ў працэс, было немагчыма.

А ўчора [22 сакавіка. — Еўрарадыё] пачалі з’яўляцца іншыя званочкі. Нават тыя адвакаты, у якіх былі дамовы з “палітычнымі”, пачалі адмаўляцца ад кліентаў, таму што хапун вельмі стрэсануў усіх.

Калі чалавек у Беларусі не можа знайсці сабе адваката, яму будзе прадстаўлены спецыяліст з бліжэйшай кансультацыі, якая адносіцца да органа, які вядзе працэс. Але ці будзе ён надзейны?

Я не ведаю, на што разлічваць людзям, якіх будуць затрымліваць заўтра ці паслязаўтра. Фактычна адвакатаў, якім я мог бы давяраць, засталося літаральна хутчэй за ўсё дзесяць. І ўсе будуць занятыя ў іншых працэсах.

“Дзень, калі ў Беларусі скончыліся адвакаты”: абараняць “палітычных” няма каму
Палітзняволеная Кацярына Андрэева і Сяргей Зікрацкі ў судзе ў 2021 годзе / “Белсат”

Нягледзячы на бяспраўе ў краіне, адвакат — гэта вельмі важна, упэўнены Сяргей Зікрацкі. Хаця суразмоўца прызнае, што ў судзе і на следстве абаронца адыгрывае не вельмі істотную ролю.

Таму што мы бачым, што прысуды, якія выносяцца, — абсалютна незаконныя нават па дзеючым Крымінальным кодэксе. Мы бачым парушэнні, якія робяцца падчас следства. І на іх ніхто не рэагуе. Часам, калі ёсць сур’ёзныя парушэнні, то адвакат можа на іх указаць. Гэта зменшыць тэрмін, і гэтым адвакат можа дапамагчы. Але гэта дробязі ў параўнанні з тым, што адвакат можа рабіць.

Больш істотна, што адвакат — гэта крыніца падтрымкі для палітзняволенага. Праз абаронцу можна кантактаваць з роднымі.

Гэта вельмі важна для чалавека, які трапляе за краты. А лісты вельмі часта не даходзяць. І трэцяе — хутчэй за ўсё асноўнае — добры адвакат дае магчымасць зняволенаму заставацца чалавекам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі