Дзве кнігі Віктара Суворава прызнаныя ў Беларусі "экстрэмісцкімі матэрыяламі"
Кнігі Віктара Суворава
У "рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" дадалі дзве кнігі пісьменніка Віктара Суворава "Ледокол" і "День "М": Когда началась Вторая мировая война?". Сувораў родам з Расіі, быў супрацоўнікам ГРУ, адмовіўся вяртацца ў СССР і пераехаў у Вялікабрытанію. У сваіх кнігах ён прапануе сваю канцэпцыю ролі СССР у Другой сусветнай вайне. Сувораў мяркуе, што Гітлер апярэдзіў Сталіна, першым напаўшы на СССР. Сталін таксама планаваў захапіць еўрапейскія дзяржавы, каб распаўсюдзіць "пралетарскую рэвалюцыю" і ўсталяваць сацыялістычны парадак на ўсёй тэрыторыі Еўропы.
Спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў" на гэтым тыдні таксама папоўнілі каля двух дзясяткаў старонак і каналаў у сацсетках, у тым ліку сайт і сацсеткі палітолага Дзмітрыя Балкунца, а таксама старонка Вольга Карач у "Аднакласніках".
Паводле падлікаў праваабаронцаў, летась беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі 20 кніг, у тым ліку твор Альгерда Бахарэвіча, кнігі Ларысы Геніюш, Уладзіміра Някляева, Лідзіі Арабей і Наталлі Арсенневай з серыі "Беларускі кнігазбор". У гэты спіс трапілі нават творы класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.