Дзяніс Шунто: Паміж Маўрынью і Дулубам выбраў бы Дулуба

Дзяніс Шунто: Паміж Маўрынью і Дулубам выбраў бы Дулуба

Старшыня праўлення футбольнага клуба “Крумкачы” Дзяніс Шунто завітаў у студыю Еўрарадыё ў добрым настроі. Па яго словах, сыход галоўнага трэнера Алега Дулуба не стаў нечаканасцю для каманды, а супольным рашэннем.

У вялікім інтэрв’ю Дзяніс Шунто распавёў пра раставанне з чалавекам, з якім наўпрост звязвалі поспехі навічка Вышэйшай лігі, прычыны апошніх няўдач каманды, планы на наступны сезон і пакупку новых футбалістаў.

Еўрарадыё: Як вы паставіліся да сыходу Дулуба?

Дзяніс Шунто: Напэўна, гэта было непазбежна. Таму Што Алег Анатольевіч — яўна не трэнер нашага чэмпіянату. Ён заслугоўвае значна большага: і лепшых умоў, лепшай інфраструктуры ў клубе, і лепшага чэмпіянату, і лепшых асабістых умоў. Таму гэта было толькі пытаннем часу. Зімой ён бы ўсё адно з’язджаў, а паколькі у нас ужо тут асабліва задач няма, мы захраслі ўсярэдзіне, на 10-м месцы, таму вырашылі, што нічога страшнага не будзе, калі ён паедзе прама цяпер. Гэта наша сумеснае рашэнне.

Еўрарадыё: Каманда доўгі час не выйгравала, вынік быў кепскі. У вас у самога не было жадання прапанаваць Дулубу сысці?

Дзяніс Шунто: Не, такога жадання не было. Лепшай кандыдатуры, чым Алег Дулуб, няма. А ў паражэннях вельмі шмат фактараў: і нейкі не фарт, і кіраўніцтва, і гульцы, і недзе судзейскі фактар. Магчыма, толькі ў некаторых матчах можна прад’явіць, што не да канца дазмагаліся, можна было дзесьці яшчэ дадаць. А так, людзі стараліся, аднак нешта не ішло.

Еўрарадыё: А які працэнт Дулуба ў гульні клуба?

Дзяніс Шунто: Напэўна, 100%, таму што каманда “Крумкачы” ў сённяшнім выглядзе — гэта цалкам творчы праект Алега Анатольевіча, які пачаўся ў траўні мінулага года, збіраўся па кроплях, і гульня ставілася, і тактыка, псіхалогія, і філасофія. Летась ён наогул без асістэнтаў працаваў.

Еўрарадыё: Калі Дулуб — гэта 100%, то з яго сыходам застаўся 0?

Дзяніс Шунто: Ён жа не проста сышоў, ён пакінуў пасля сябе шмат чаго. Каманда тактычна і фізічна цудоўна падрыхтаваная, таму нельга сказаць, што ён сышоў, і ўсё абрынецца. У добрых трэнераў такога не бывае. Таму наконт бліжэйшых двух месяцаў я абсалютна спакойны. Гэтага запасу ў любым выпадку хопіць.

Еўрарадыё: Магчыма, вы дамаўляліся, што Дулуб па скайпе ці па тэлефоне будзе дапамагаць кіраваць камандай?

Дзяніс Шунто: Мы з Якавым Залеўскім і Васілём Хамутоўскім, якія цяпер вядуць трэніровачны працэс, з’ездзілі да Дулуба дамоў. Ён распавёў нам сваё бачанне бліжэйшых двух тыдняў, распісаў трэніроўкі ажно да практыкаванняў, якія б ён рабіў. Таму накасячыць тут будзе даволі складана. Нешта сваё мы будзем прыўносіць, але ў цэлым канва застанецца ранейшай.

Еўрарадыё: Па гарачых слядах, вы казалі, што ў 2017 годзе ў “Крумкачах” будзе адзін з лепшых трэнерскіх складаў у чэмпіянаце Беларусі. Што вы мелі на ўвазе?

Дзяніс Шунто: Так, магчыма, я так саманадзейна сказаў. Горыч і сум ад сыходу Алега Анатольевіча ўсё ж ёсць. Але я меў на ўвазе, што ў любым разе мы не будзем шарахацца, не будзем браць усё, што кепска ляжыць, а падыдзем да выбару галоўнага трэнера з усёй строгасцю і разуменнем. Гэта будзе чалавек, які будзе не проста весці трэніровачны працэс, але стане тварам клуба, надасць філасофію клубу прынамсі на адзін год. І тут памылкі быць не павінна. Што тычыцца Яшы і Васіля, я вельмі хачу, каб яны заставаліся ў трэнерскім штабе. І магчыма, вось гэты досвед, які працягнецца месяц або два, будзе станоўчым.

Еўрарадыё: Калі б у вас была магчымасць і выбар запрасіць у каманду Маўрынью або Дулуба — каго б выбралі?

Дзяніс Шунто: Натуральна, Дулуба! Гэта як частка нашага цела. Пакуль гэта будзе пераасэнсоўвацца… Трэба, каб час мінуў. Вельмі вялікую ролю ён граў у нашым развіцці, асабліва ў мінулым годзе. У прынцыпе, у нас палова людзей і засталася з мінулага года, Іваноў, Шыкаўка, Скшынецкі, Талейка, Корсак — яны выраслі, дзякуючы Дулубу, і ўдзячныя яму за тыя пазіцыі, што яны займаюць у беларускім футболе.

Еўрарадыё: Некаторыя гульцы прыходзілі ў каманду “Крумкачы”, дзякуючы таму, што ў ёй Дулуб. Ці не здарыцца так, што пачнецца сыход футбалістаў? Ужо Варанкова няма, напрыклад…

Дзяніс Шунто: Такую верагоднасць я выключаю, таму што людзі, якія з мінулага года з намі, яны на два-тры гады падпісаныя. Яны ўжо сталыя “Крумкачы”. Што тычыцца Ігара Варанкова, то ён у прынцыпе браўся, як памочнік на гэтыя паўгода з магчымым працягненнем кантракта. Але атрымалася, што ў плане турнірных перспектыў на бліжэйшыя 6 тураў задач у нас няма. А я б хацеў, каб больш гулялі людзі, на якіх мы разлічваем у 2017 годзе. Я сказаў Ігару, што не планую з ім супрацоўнічаць у наступным годзе, і мы разам прыйшлі да такой высновы, што, калі не будзем яго ставіць на гэтыя 6 матчаў, то і сэнсу яму тут заставацца няма.

Еўрарадыё: Адпаведна, казаць, што і Вячаслаў Глеб сыдзе, не выпадае?

Дзяніс Шунто: Слава, дарэчы, — чалавек, якім я вельмі задаволены. Бачна, як ён перажывае за клуб і паводзіць сябе вельмі здорава. Я ў захапленні ад яго. Калі прыйшоў Васіль Хамутоўскі, то ён сказаў: “Дзяніс, ён у вас проста цаца. Ён паводзіць сябе проста ідэальна ў параўнанні з тым, што было ў Жодзіна”.

Еўрарадыё: Нейкія прапановы ад трэнераў ужо былі?

Дзяніс Шунто: Не, такога не было. Тым больш, такі час, што людзям сур’ёзным і людзям, якія цэняць сябе, вельмі складана прыйсці за 6 тураў да заканчэння чэмпіянату. Патрэбна бачыць доўгатэрміновую перспектыву і падпісваць трэнера на 1-2 гады наперад. Таму суперсур'ёзныя варыянты могуць з'явіцца толькі ў міжсезонні.

Еўрарадыё: Ці змяніла Вышэйшая ліга вашы ўяўленні пра футбол?

Дзяніс Шунто: Не. Я лічу, што даволі добра ведаў беларускі футбол, ведаў, што ў ім адбываецца і як сябе паводзіць. Былі некаторыя моманты здзіўлення, але гэта нармальна.

Еўрарадыё: А якія памылкі былі ў плане кіравання камандай?

Дзяніс Шунто: Напэўна, можна было па іншаму выбудаваць адносіны з кіраўніцтвам Федэрацыі футбола, таму што і яны недзе не мелі рацыі, бо не верылі ў нас зімой, не верылі, што мы пройдзем ліцэнзаванне, лічылі нас нейкай шарашкінай канторай. Напэўна, і мне трэба было сябе інакш паводзіць, не гарачыцца, не лаяцца, а спакойна займацца справай. І ў кіраванні камандай, летам можна было ўзяць 3-4 маладых футбалістаў разам з Варанковым і Клімовічам, якія б сталі свежай крывёй. Здарыўся невялікі застой у камандзе, і ўжо цяжка было дасягнуць лёгкасці і такога натхнення, што неабходныя для перамог.

Еўрарадыё: У каманды адбыўся спад не толькі ў гульні, але і ў колькасці заўзятараў на трыбунах. На апошнім матчы іх было ўсяго 700…

Дзяніс Шунто: Усё залежыць ад гульні. Да таго ж, людзі крыху насыціліся. І зноў жа… Мы так рэзка стартавалі, перайгралі “Дынама”, “Шахцёр”… Калі б мы набралі столькі ж ачкоў у другім крузе, як у першым, а ў першым, як у другім, то ўсе б нам апладзіравалі і казалі, што мы малайцы, што былі на 14-15 месцы, а тут абыгрываюць “Дынама” і “Шахцёр”. Натуральна, што гледачы, якія прызвычаіліся да перамогаў, да яскравай гульні, паступова расчароўваюцца. Але гэта нашы праблемы. Будзем думаць, як гэта выправіць.

Еўрарадыё: Стварылася ўражанне, што ў першым крузе вочы гарэлі, каманда ляцела наперад, а на другі круг "паліва" не хапіла…

Дзяніс Шунто: Я не лічу, што вочы перасталі гарэць. Мы пачалі другі тур з перамогі над “Белшынай”, пасля добры матч з “Нёманам”, але нічыя. Сядзелі на варотах у “Іслачы”. Але няўдачы паступова прыбівалі, і я бачыў, што ў футбалістаў пакрысе знікае вера, натхненне, імправізацыя. Ад вялікага жадання людзі пачалі спрашчаць футбол. У выніку адно на адно наслойвалася і атрымалася тое, што атрымалася.

Еўрарадыё: Шмат хто з футбалістаў пасля такіх няўдалых матчаў казаў, што нейкае пракляцце, маўляў, трэба пайсці паставіць свечку… Хадзілі, свечкі ставілі?

Дзяніс Шунто: Так. На нейкім выездзе, здаецца, у Мазыр, спыніліся каля царквы, і хто захацеў, той пайшоў, хто не захацеў, не зайшоў. Але гэта не было загадам кіраўніцтва. Ну, і самі хлопцы што толькі не выдумлялі, і галіліся ўсе разам перад матчам, і бароды адрошчвалі… Напэўна, справа ўсё ж у трэніроўках і ў майстэрстве, таму што футбол — гульня складаная, але і справядлівая. І тое месца, якое займаем, мы яго і заслужылі. Значыцца, трэба было лепей працаваць і нешта большае рабіць.

Еўрарадыё: Якімі “Крумкачы” будуць у наступным сезоне?

Дзяніс Шунто: “Крумкачы” будуць жывымі, маладымі і, я думаю, яскравымі. Мы пакінем касцяк каманды, гульцоў, якія і ёсць “крумкачы” — Талейка, Скшынецкі, Іваноў, Шыкаўка. Возьмем маладых (у мяне ёсць спіс з 4-5 чалавек з Беларусі 1994-1996 гадоў нараджэння) і пастараемся зрабіць нешта жывое, прыгожае і натхнёнае, каб радаваць усіх і радавацца самому.

Еўрарадыё: Бюджэт на наступны год ёсць?

Дзяніс Шунто: Бюджэт на наступны год не можа быць у кастрычніку. Але ёсць планы, напрацоўкі. Хутчэй за ўсё, мы зноў будзем апошнімі ў чэмпіянаце па бюджэце, але мяне гэта не засмучае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі