Дзяніс Шунто: У паловы клубаў вышэйшай лігі праблем больш, чым у “Крумкачоў”
На пачатку наступнага тыдня старшыня ФК “Крумкачы” Дзяніс Шунто сустрэнецца з кіраўніцтвам Беларускай федэрацыі футбола. Пытанне, ці дапусцяць клуб у вышэйшую лігу, застаецца адкрытым.
Нагадаем, што каманда “Крумкачы” некалькі гадоў таму нарадзілася на інтэрнэт-форуме і спачатку існавала для забавы. Але за два гады клуб зрабіў неверагодны скачок ад другой да вышэйшай лігі. Цяпер, каб там гуляць, трэба займець дастатковы бюджэт, дублюючую каманду і дзіцячую школу шасці узростаў. Выглядае, што вырашыць гэтыя пытанні вельмі складана. Калі клуб не пройдзе ліцэнзаванне, то не зможа гуляць ні ў вышэйшай, ні ў першай лізе.
“Бюджэт мы ўжо напісалі і шукаем яго напаўненне. Хочам знайсці тытульнага партнёра. Перамовы ідуць поўным ходам. За дзень я ці мае прадстаўнікі наведваем па дзве-тры кампаніі. Інтарэс да “Крумкачоў” ёсць, а канкрэтных дамоўленасцяў пакуль няма, — тлумачыць актуальную сітуацыю Дзяніс Шунто. — Практычна ўсе, з кім мы размаўляем, нават на ўзроўні генеральных дырэктараў нашых буйных кампаній — усе пра нас у курсе, усім мы падабаемся. У дачыненні да нас ёсць вялікі пазітыў. У кожным разе, мы знойдзем нейкую фінансавую дапамогу. А таксама падлічым уласныя сродкі заснавальнікаў клуба. Мы людзі небагатыя, але і не самыя бедныя”.
Унікальная гісторыя ФК "Крумкачы": гулялі, шлі на піва, трапілі ў вышэйшую лігу...
Еўрарадыё: Але абывацелю здаецца, што стварэнне дублюючага складу і дзіцячай каманды — гэта як мінімум няпростая задача…
Дзяніс Шунто: Арганізацыйная работа ідзе вельмі паспяхова. Па дублі і па моладзевых камандах ў мяне ёсць дакладны план, як усё гэта будзе выглядаць. Калі мы будзем упэўненыя, што на 100% згуляем у вышэйшай лізе, трэба будзе толькі даць адмашку. Нічога звышневерагоднага ў гэтых патрабаваннях няма. А працы мы не баімся. Мне здаецца, што ў паловы клубаў вышэйшай лігі праблем будзе больш, чым у “Крумкачоў”.
Еўрарадыё: Чаму?
Дзяніс Шунто: Мы вінныя Федэрацыі грошы. Гэта стартавы ўнёсак, выплату якога нам адтэрмінавалі. Да 31 снежня грошы мы заплацім. Гульцам мы ніякіх грошай не вінныя, іншым арганізацыям таксама. Падача заяўкі на ўдзел у вышэйшай лізе — гэта фармальнасць. А вось пачынаючы са студзеня трэба будзе выконваць пэўныя пункты па ліцэнзаванні. У гэтым жа месяцы будзе праведзены незалежны фінансавы аўдыт усіх клубаў вышэйшай і першай ліг. Самая галоўная задача, што перад намі стаіць, знайсці спонсара. Спадзяёмся, што гэта атрымаецца.